Віншаванне дырэктара Дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь А.Л.Воінава з Днём архівіста
Паважаныя работнікі і ветэраны архіўнай галіны!
Віншую Вас з прафесійным святам – Днём архівіста!
Штодзень намаганні работнікаў архіваў накіраваны на вырашэнне важных задач па захаванні і прымнажэнні матэрыяльных і духоўных каштоўнасцей. Забяспечваючы захаванасць дакументальнай спадчыны, мы прыкладаем усе намаганні для таго, каб архіўныя матэрыялы, якія змяшчаюць інфармацыю аб гістарычным вопыце мінулага, актыўна выкарыстоўваліся ў інтарэсах грамадства і кожнага чалавека.
За апошнія гады дзякуючы падтрымцы дзяржавы істотна ўмацавана матэрыяльна-тэхнічная база архіўных устаноў – было набыта сучаснае сканавальнае абсталяванне, што дазволіла ўстановам нарасціць аб’ёмы аблічбоўвання дакументаў Нацыянальнага архіўнага фонду. У 2024 годзе адкрыты новыя сучасныя архівасховішчы ў гарадах Гомель і Віцебск. Спланаваны адкрыцці архівасховішчаў у гарадах Гродна і Магілёў.
Вашымі намаганнямі праводзіцца неабходная для нашага грамадства інфармацыйна-асветніцкая работа.
Упершыню мы пачалі стварэнне дакументальных фільмаў, якія ў год 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў паспяхова дэманструюцца па ўсёй краіне з вашым арганізацыйным удзелам.
Рэспубліканская акцыя «Архівы – Школе», якая праводзіцца ў вашых установах, стала традыцыйным і значным складальнікам асветніцкай і ідэалагічнай работы сярод моладзі.
Сёння прафесія архівіста, якая заўсёды здавалася незаўважнай, набывае бачныя абрысы і грамадскую значнасць.
У гэты ўрачысты дзень віншую калегаў – архівістаў краіны са святам і жадаю далейшых прафесійных поспехаў, моцнага здароўя, дабрабыту, мірнага неба і ўсведамлення таго, што архівісты захоўваюць для будучых пакаленняў самае каштоўнае – Нацыянальную гістарычную памяць Рэспублікі Беларусь!
Дырэктар Дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь |
А.Л.Воінаў |