«Гады-птушкі» – зборнік вершаў І.А.Малчанавай перададзены ва ўстанову «Дзяржаўны архіў Магілёўскай вобласці»

30 верасня 2024 года ўстанову «Дзяржаўны архіў Магілёўскай вобласці» (далей – ГАМог) наведаў сын Леанід Малчанаў магілёўскай паэткі і былога архівіста Інэсы Антонаўны Малчанавай. Падчас сустрэчы з дырэктарам архіва Святланай Шараевай і намеснікам дырэктара-галоўным захавальнікам фондаў Людмілай Цалабанавай архіву была перададзена кніга вершаў Інэсы Антонаўны «Гады-птушкі».

І.А.Малчанава нарадзілася 29 сакавіка 1938 года ў г.Магілёве. Скончыла Шаўляйскі педагагічны інстытут. У ГАМог прайшла шлях ад архіварыуса да загадчыка аддзела забеспячэння захаванасці дакументаў і фондаў. За час працы ў архіве ўклала шмат працы ва ўлік і забеспячэнне захаванасці дакументаў, займалася вядзеннем навукова-даведачнай бібліятэкі. Пры пераездзе ў 1986 годзе ў новы будынак архіва пад яе кіраўніцтвам адбывалася перамяшчэнне дакументаў у архівасховішчы. У 1988 годзе была ўзнагароджана граматай Галоўнага архіўнага ўпраўлення пры Савеце Міністраў БССР.

У кнігу ўвайшлі вершы з дзённікаў Інэсы Антонаўны, якія апісваюць прыроду, поры года. На старонках паэзія чаргуецца з фрагментамі карцін мужа – мастака Мікалая Васільевіча Малчанава.

Калектыў архіва жадае Інэсе Антонаўне доўгіх гадоў жыцця, здароўя, творчых ідэй і іх паспяховай рэалізацыі!