2 кастрычніка 2024 г. у Нацыянальным прэс-цэнтры Рэспублікі Беларусь адбылася прэс-канферэнцыя, прымеркаваная да Дня архівіста

У мерапрыемстве прынялі ўдзел дырэктар Дэпартамента па архівах і справаводству Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь Воінаў Алег Леанідавіч, дырэктар Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў Ганчар Андрэй Мікалаевіч, дырэктар Беларускага навукова-даследчага інстытута дакументазнаўства і архіўнай справы Рыбакоў Андрэй Яўгеньявіч, намеснік дырэктара Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь Кулінок Святаслаў Валянцінавіч.

У сваім уступным слове Алег Воінаў адзначыў, што за 30-гадовы перыяд сучаснага развіцця архіўная галіна прайшла значны эвалюцыйны шлях, які дазволіў стварыць сучасныя ўстановы і сфарміраваць іх, як гісторыка-асветніцкія цэнтры.

З падтрымкай дзяржавы істотна ўмацоўваецца матэрыяльна-тэхнічная база архіўных устаноў.

Вядзецца актыўная работа па рэканструкцыі будынкаў пад архівасховішчы. У гэтым годзе ўрачыста адкрылі новыя архівасховішчы ў г.Гомелі (11 сакавіка 2024 г.) і г.Віцебску (2 ліпеня 2024 г.). На завяршальным этапе рэканструкцыя будынкаў у Магілёве і Гродне. Сумарна ў пабудаваных аб’ектах размесціцца больш за 1 млн. 700 тысяч спраў. Распрацавана праектна-каштарысная дакументацыя на будаўніцтва Дзяржаўнага архіва ў г.Мінску.

Набытыя за апошнія гады 25 адзінак сучаснага сканавальнага абсталявання, істотна дазволілі павялічыць аб’ёмы аблічбоўвання дакументаў Нацыянальнага архіўнага фонду.

Вялікая работа праводзіцца дзяржаўнымі архівамі па выкананні даручэння Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь, дадзенага 5 жніўня 2022 г., у частцы ўзмацнення інфармацыйна-асветніцкай работы.

Штогод рыхтуюцца і прэзентуюцца звыш 350 выставак (вітрынных і віртуальных), выдаюцца навукова-папулярныя кнігі і зборнікі архіўных дакументаў. Упершыню Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь увайшоў у праект «Бібліятэка Саюзнай дзяржавы», што дазволіла выдаць фундаментальную ілюстраваную кнігу «Аперацыя «Баграціён». Партызаны беларускай зямлі…».

Арганізаваная Дэпартаментам па архівах і справаводству рэспубліканская акцыя «Архівы-Школе» застаецца дзейсным інструментам асветніцкай і ідэалагічнай работы сярод моладзі. З 2022 года праведзена больш за 2500 мерапрыемстваў. Архіўныя ўстановы наведалі больш за 35 000 школьнікаў і студэнтаў.

Праца архіваў па шырокім выкарыстанні архіўных дакументаў з’яўляецца мэтанакіраваным працэсам у частцы асветніцкай работы па выхаванні грамадзянскасці і патрыятызму ў беларускім грамадстве, недапушчэнні гістарычнай фальсіфікацыі.

Святаслаў Кулінок паведаміў аб асноўных напрамках выдавецкай дзейнасці Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь. Сярод асноўных тэндэнцый ён вылучыў сістэмнасць гэтай працы і яе шматвектарнасць. Дзякуючы падтрымцы кіраўніцтва Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь і Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь удалося значна павялічыць тыражнасць выдавецкіх праектаў.

Дакладчык распавёў пра асноўныя апублікаваныя зборнікі і выданні – «Аперацыя «Баграціён». Партызаны беларускай зямлі..»., «Нацысцкія карныя аперацыі супраць партызан Полацка-Лепельскай партызанскай зоны», серыі «Партызанскі архіў», а таксама пра запланаваныя на 2025 г.выдавецкія праекты.

У сваім выступленні Андрэй Рыбакоў праінфармаваў аб апошніх навукова-метадычных распрацоўках інстытута ў сферы архіўнай справы і справаводства. У сувязі з уступленнем у сілу з 1 ліпеня 2024 г.новай рэдакцыі Інструкцыі па справаводству ў дзяржаўных органах, іншых арганізацыях асаблівая ўвага ім была звернута на падрыхтаваныя Беларускім навукова-даследчым інстытутам дакументазнаўства і архіўнай справы Метадычныя рэкамендацыі па распрацоўцы лакальных інструкцый па справаводстве, у якіх улічана спецыфіка дзейнасці арганізацый розных арганізацыйна-прававых форм, асаблівасці іх структур і функцыянальных магчымасцей інфармацыйных сістэм, якія прымяняюцца ў справаводных працэсах.

Таксама дакладчык асобна спыніўся на метадычных распрацоўках па пытаннях работы з дакументамі ў арганізацыях, якія ўкараняюць міжнародныя стандарты ISO на сістэмы менеджменту якасці і іншыя сістэмы кіравання (менеджменту), што ўяўляецца асабліва актуальным, улічваючы, што 2024 год аб’яўлены Прэзідэнтам краіны Годам якасці.

Андрэй Ганчар у сваім выступе коратка распавёў пра архів, яго фонды і вырашаныя задачы. Больш падрабязна дырэктар архіва спыніўся на знакавых праектах, якія рэалізуюцца архівам у цяперашні час: «У адкрытым доступе», «Адкрыты кінаархіў», кінамарафон «Бумеранг».

Беларускім дзяржаўным архівам кінафотафонадакументаў створана 10 дакументальных фільмаў, прысвечаных 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў («Вызваленне», «Аперацыя «Баграціён», «Партызаны»), што стаў новым напрамкам дзейнасці. Дзяржаўнымі архівамі арганізавана больш за 500 мерапрыемстваў па ўсёй краіне па дэманстрацыі створаных фільмаў.

Паглядзець прэс-канферэнцыю.

 

1. Удзельнікі прэс-канферэнцыі, прымеркаванай да Дня архівіста
2. Выступленне намесніка дырэктара Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь С.У.Кулінка
3. Выступленне дырэктара Беларускага навукова-даследчага інстытута дакументазнаўства і архіўнай справы А.Я.Рыбакова
4. Выступленне дырэктара Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў А.М.Ганчара
5. Інтэрв’ю дырэктара Дэпартамента А.Л.Воінава