«Нацыянальна-вызваленчы рух Заходняй Беларусі 1921-1939 гг. на старонках перыядычных выданняў «. ЗГА ў г. Маладзечна падрыхтаваў тэматычную віртуальную выставу да Дня народнага адзінства

У пачатку XX стагоддзя Заходняя Беларусь стала арэнай бурных падзей. Пасля Першай сусветнай вайны і распаду імперый, беларусы пачалі актыўна імкнуцца да стварэння незалежнай дзяржавы. Сацыяльна-эканамічная сітуацыя ў Заходняй Беларусі значна адрознівалася ад астатняй Польшчы. З эканамічнага пункту гледжання, край заставаўся адсталай аграрнай ускраінай і выкарыстоўваўся пераважна як крыніца сыравіны і таннай працоўнай сілы. Такая эканамічная палітыка кіруючых колаў краіны ва ўмовах аграрнага перанасялення і масавага беспрацоўя дыктавала адсталасць і беднасць. На тэрыторыі Заходняй Беларусі разгарнуўся масавы рух супраць прыгнёту Польшчы. У гэтым кантэксце мясцовыя газеты адыгрывалі важную ролю ў фарміраванні грамадскай думкі і распаўсюджванні ідэй нацыянальнай самасвядомасці. У фондах занальнага дзяржархіва ў г. Маладзечна захоўваюцца дакументы так званага «польскага перыяду», сярод іх – газеты і часопісы, якія адлюстроўваюць рэальнасць таго часу. Яны публікавалі артыкулы, прысвечаныя гісторыі Беларусі, культурным традыцыям і моўным пытанням. Важным аспектам іх працы было асвятленне барацьбы за правы беларусаў ва ўмовах акупацыі.

Напрыклад, у архіве значацца на захаванні выданні БСРГ. Іх друк ажыццяўляўся ў вельмі неспрыяльных умовах і за кароткі час здолеў заваяваць шырокую папулярнасць і падтрымку сярод заходнебеларускага сялянства. Па дадзеных даследчыкаў, на студзень 1927 г.у склад БСРГ уваходзіла каля 100 000 членаў і каля 400 000 тых, хто спачувае. Па аграрным пытанні БСРГ стаяла на абароне жыццёвых інтарэсаў заходнебеларускага сялянства, за надзяленне яго на льготных умовах зямлёй і стварэнне эканамічна моцных сялянскіх гаспадарак. Для большасці заходнебеларускага сялянства БСРГ была надзеяй на лепшую будучыню, паслядоўным абаронцам іх эканамічных інтарэсаў і грамадзянскіх правоў. Выстава прадстаўляе некаторыя артыкулы з газет БСРГ.

А, напрыклад, часопіс «Малады камуніст» публікаваў матэрыялы для камсамольскай палітычнай асветы. На яго старонках праходзілі абмеркаванні найбольш важных аспектаў жыцця моладзі, праблем працы, адукацыі і выхавання юнацтва; распрацоўваліся пытанні гісторыі камсамола, камсамольскага будаўніцтва, асвятляўся і распаўсюджваўся перадавы вопыт работы камсамольскіх арганізацый.

Складаным было становішча ў культурна-этнічнай сферы жыцця беларусаў. Замест культурнага ўзаемадзеяння ў норму ўвайшоў ціск і гвалт супраць беларускай культуры і мовы. Гэтай тэме таксама прысвечаны шматлікія артыкулы, старонкі з якімі захоўвае маладзечанскі занальны архіў.

Віртуальная выстава дэманструе той факт, што газеты і часопісы працавалі ў розных жанрах: актывісты нацыянальна-вызвольнага руху публікавалі мастацкія творы (вершы, байкі, апавяданні, фельетоны, эпіграмы, гумарэскі, жарты), публіцыстычныя артыкулы, паведамленні; часта ўтрымлівалі сатырычныя малюнкі і карыкатуры.

Несумненна, заходнебеларускія выданні з’яўляліся пляцоўкай для грамадска – палітычных дыскусій: з аднаго боку, яны служылі адным з інструментаў палітычнай прапаганды, але ў той жа час прадстаўлялі магчымасць пераадолення ідэйных разыходжанняў дзеля адзінай задачы-захавання і развіцця беларускай нацыі.

Азнаёміцца з віртуальнай выставай можна па спасылцы.