Правядзенне ўстановай «Дзяржаўны архіў Гомельскай вобласці» мерапрыемстваў у рамках рэспубліканскай акцыі «Архівы – школе» ва УА «Прыборскі дзяржаўны каледж»

11 верасня 2024 г. дырэктар Дзяржаўнага архіва Гомельскай вобласці Андрэй Мікалаевіч Сушчэвіч у рамках акцыі «Архівы – школе» правёў урокі гістарычнай памяці ва УА «Прыборскі дзяржаўны каледж» (прысутнічалі каля 150 навучэнцаў і педагогаў).

У рамках мерапрыемстваў у каледжы была размешчана банэрная выстава «Гомельшчына непакорная», якая будзе экспанавацца ва ўстанове адукацыі да канца бягучага месяца. Выкарыстоўваючы матэрыялы выстаўкі дырэктарам архіва быў праведзены першы ўрок «Генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны (1941 – 1945 гг.)» і прадэманстраваны дакументальны фільм «Вызваленне» ў рамках праекта «Адкрыты кінаархіў. Гэты дзень мы набліжалі як маглі», прысвечаны 80-м угодкам вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Другі ўрок быў прысвечаны надыходзячаму дзяржаўнаму святу Дню народнага адзінства. Андрэй Мікалаевіч Сушчэвіч расказаў прысутным у актавай зале каледжа пра значную дату ў гісторыі дзяржавы – 17 верасня 1939 г., пра гістарычныя падзеі, якія ляглі ў аснову свята, а таксама ён адзначыў, што аднаўленне адзінства беларускага народа стала найважнейшай перадумовай для далейшага развіцця беларускага грамадства і дзяржавы.

Акрамя таго, прысутным быў прадэманстраваны фільм «Уз’яднанне», падрыхтаваны ўстановай «Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў» да мерапрыемстваў, прымеркаваных да Дня народнага адзінства, які выклікаў вялікую цікавасць у студэнтаў каледжа.

Урокі завяршаліся адкрытай дыскусіяй з навучэнцамі на такія актуальныя на сёння тэмы: што значыць быць патрыётам сваёй краіны, што такое патрыятызм і як яго разумее цяперашняе пакаленне, як важна любіць, берагчы і абараняць сваю Радзіму.

Выкладчыкі і студэнты праявілі цікавасць да праведзеных мерапрыемстваў, задавалі шмат пытанняў і выказалі зацікаўленасць у далейшым супрацоўніцтве з дзяржаўным архівам.

 

1. Выступленне дырэктара архіва Андрэя Мікалаевіча Сушчэвіча ў актавай зале УА «Прыборскі дзяржаўны каледж».
2. Студэнты і выкладчыкі УА «Прыборскі дзяржаўны каледж» знаёмяцца з дакументальнай выставай «Гомельшчына непакораная».