Занальны дзяржаўны архіў у г.Рэчыцы прадстаўляе дакумент аб адводзе зямельнага ўчастка пад будаўніцтва піянерлагера імя Марата Казея
У жывапісным кутку Гомельскай вобласці ў 32 кіламетрах на поўнач ад Рэчыцы, на правым беразе ракі Бярэзіны ў зоне змешанага лесу размясціўся дзіцячы аздараўленчы лагер (ДАЛ) імя Марата Казея РУП «Вытворчае аб’яднанне «Беларуснафта» (у народзе – «Марацік»).
Лагер вядзе сваю гісторыю са жніўня 1967 года. Але яшчэ вясной толькі выбіралася месца яго знаходжання, пакуль не выйшла рашэнне №206 выканкама Рэчыцкага райсавета дэпутатаў працоўных ад 25 мая 1967 года аб адводзе зямельнага ўчастка нафтапрамысловаму (у цяперашні час – нафтагазаздабываючаму) ўпраўленню «Рэчыцанафта» з зямель Горвальскага лясніцтва Рэчыцкага лясхоза пад будаўніцтва піянерскага лагера (Ф. 348. Воп. 1. Спр. 126. Арк. 305).
Сёння ДАЛ імя Марата Казея – гэта адзін з лепшых аздараўленчых лагераў Беларусі і аблюбаванае месца адпачынку школьнікаў. Кожнае лета сюды прыязжаюць больш за 2 тысячы дзяцей ад 6 да 16 гадоў, каб умацоўваць сваё здароўе, творча развівацца, удзельнічаць у разнастайных мерапрыемствах і конкурсах і проста весела праводзіць час. Для іх прабывання ў лагеры створаны ўсе ўмовы: спальныя корпусы, сталовая, адкрыты плавальны басейн, пляцоўкі для занятку спортам і танцамі і іншае.
1. ЗДА ў г.Рэчыцы. Ф. 348. Воп. 1. Спр. 126. Арк. 305 |
2. Спальны корпус у ДАЛ імя Марата Казея |
3. Плавальны басейн у ДАЛ імя Марата Казея |
4. Маратаўцы ў сталовай |