Інтэграцыя інтэрнэт-сайта БДАМЛМ з мабільным дадаткам «QR-гід»

У 2023 годзе пасля мадэрнізацыі адкрыўся новы сайт Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва (далей — БДАМЛМ), дзякуючы гэтаму інтэрнэт-рэсурс набыў стыльны сучасны дызайн. Але праца на гэтым не спынілася. Стварэнне вэб-версіі інфармацыйнага рэсурсу стала зыходным пунктам на шляху ўкаранення сучасных тэхналогій і інтэрактыўнага складніка. Увесь год праводзілася інтэграцыя сайта з мабільнымі праграмамі «QR-гід. Падарожнічаем разам!» і «QR-гід. Музеі».

28 жніўня 2024 года адбылося завяршальнае мерапрыемства ў рамках інтэграцыі інтэрнет-сайта з мабільнымі тэхналогіямі. На ўваходнай групе БДАМЛМ размешчаны спецыяльны стыкер з QR-кодам, які дазваляе пазнаёміцца не толькі з інфармацыяй аб установе і фотаматэрыяламі, але і праслухаць поўнавартасную аўдыёэкскурсію на рускай і беларускай мовах. Яе агучыў вялікі сябар і фондаўтваральнік нашай установы, акцёр Тэатра імя М.Горкага, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Андрэй Душачкін. А напярэдадні адкрыцця, у дапамогу замежным турыстам, з’явіўся запіс на трэцяй — англійскай мове.

Прэзентацыя тэхналогіі адбылася ва ўрачыстай абстаноўцы ў прысутнасці ўсяго калектыву БДАМЛМ. З прывітальным словам выступілі дырэктар архіва-музея Алена Макаранка і кіраўнік арганізацыі-распрацоўшчыка Павел Сырыцкі.

А.Макарэнка падкрэсліла важнасць гэтага мерапрыемства, выказала падзяку групе кампаній «ЦВР-Кастрычніцкі», якая займалася мадэрнізацыяй сайта БДАМЛМ, і А. Душачкіну за дапамогу ў стварэнні аўдыёэкскурсіі.

П.Сырыцкі зазначыў, што мабільныя дадаткі «QR-гід. Падарожнічаем разам!» і «QR-гід. Музеі» накіраваны на стварэнне спрыяльнага інфармацыйнага асяроддзя для турыстаў і вандроўнікаў. На сённяшні дзень у Мінску тэхналогія ахоплівае 100 музеяў — дзяржаўных, прыватных, школьных, ведамасных. БДАМЛМ стаў першым архівам, дзе з’явіўся QR-гід і размешчаны стыкер.

Мы ўпэўненыя, што гэтая тэхналогія дапаможа турыстам і гараджанам даведацца шмат цікавага пра наш архіў-музей, вядомы не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі дзякуючы ўнікальным фондам, у тым ліку дакументамі асабістага паходжання беларускіх пісьменнікаў, мастакоў, акцёраў, кампазітараў.

 

1. А.Макаранка і П.Сырыцкі падчас мерапрыемства
2. Калектыў БДАМЛМ і ЦВР-Кастрычніцкі
3. Стыкер БДАМЛМ з QR-гідам