Дакументальная выстава «Камітэт дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь: гісторыя і сучаснасць»

2 жніўня 2024 года Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь прадставіў дакументальную выставу «Камітэт дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь: гісторыя і сучаснасць», прымеркаваную да ўрачыстых мерапрыемстваў з нагоды 30-годдзя ўтварэння Камітэта дзяржаўнага кантролю і 105-годдзя органаў дзяржаўнага кантролю Беларусі. Выстава падрыхтавана сумесна з Нацыянальным гістарычным архівам Беларусі.

Фарміраванне структур дзяржаўнага кантролю як аднаго з базавых органаў дзяржаўнага кіравання пачалося адразу ж пасля ўтварэння Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (БССР). У студзені 1919 г. быў створаны Камісарыят дзяржаўнага кантролю Часовага рабоча–сялянскага Савецкага ўрада Беларусі, які неўзабаве ў адпаведнасці з рашэннямі I Усебеларускага з’езда Саветаў быў ператвораны ў Камісарыят дзяржаўнага (пасля народнага) кантролю БССР (КНК).

Здабыццё незалежнасці Рэспублікай Беларусь запатрабавала перабудовы ўсёй сістэмы дзяржаўнага кіравання. 4 ліпеня 1990 г. КНК БССР скасаваны, але ўжо 13 сакавіка 1992 г. быў прыняты Закон «Аб Кантрольнай палаце Рэспублікі Беларусь», у адпаведнасці з якім была ўтворана Кантрольная палата Рэспублікі Беларусь. 23 верасня 1992 г. створаны Дэпартамент эканамічнага кантролю пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь.

Выніковае афармленне галоўнай кантрольнай службы краіны адбылося 2 жніўня 1994 г., калі была створана Служба кантролю Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (у 1995 г. ператворана ў Службу кантролю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь). Правапераемнікам першага органа прэзідэнцкага кантролю з 1996 г. з’яўляецца Камітэт дзяржаўнага кантролю (КДК). У сувязі з гэтым, 2 жніўня ўстаноўлены Дзень работнікаў органаў дзяржаўнага кантролю.

Сёння Камітэт дзяржкантролю – гэта вышэйшы орган фінансавага кантролю краіны, асноўнай задачай якога з’яўляецца забеспячэнне эканамічнай бяспекі, кантроль выканання рэспубліканскага бюджэту і выкарыстання дзяржаўнай уласнасці.

Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь прадставіў на выставе ўнікальныя дакументы: даведка аб рэарганізацыі Наркамата Рабоча-сялянскай інспекцыі Беларусі; план унутранага ўладкавання і штаты Мінскага губернскага аддзялення дзяржаўнага кантролю; пасведчанні, мандаты і анкеты работнікаў; пастанова ЦК КПБ і Савета Міністраў БССР аб пераўтварэнні Камісіі савецкага кантролю Савета Міністраў БССР у саюзнарэспубліканскі орган і мерах па ўзмацненні кантролю за выкананнем рашэнняў партыі і ўрада, справаздачы аб рабоце Наркамата дзяржаўнага кантролю БССР; распараджэнне Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь аб рэарганізацыі структуры; аналізы вынікаў работы Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь, акты праверак, асабістыя справы кіраўнікоў КДК і іншыя дакументы.

Загадчык аддзела выкарыстання дакументаў і інфармацыі М.А.Старасценка пазнаёміла ўдзельнікаў мерапрыемства з унікальнымі дакументамі.

 

1. Намеснік дырэктара НАРБ С.В.Кулiнок і загадчык аддзела выкарыстання дакументаў і інфармацыі М.А.Старасценка на выставе.
2. Старасценка М.А. прадстаўляе дакументальную выставу работнікам Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь
3. Старасценка М.А. прадстаўляе дакументальную выставу работнікам Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь
4. Старасценка М.А. прадстаўляе дакументальную выставу работнікам Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь
5. План унутранага ўладкавання і штаты Мінскага губернскага аддзялення Дзяржаўнага кантролю (1919 г.), стар.1
6. План унутранага ўладкавання і штаты Мінскага губернскага аддзялення Дзяржаўнага кантролю (1919 г.), стар.2
7. Мандат супрацоўнікаў Рабоча-сялянскай інспекцыі (1920 г.)
8. Праект арганізацыі Наркамата Рабоча-сялянскай інспекцыі Беларусі (1920 г.)
9. Асабістая анкета для служачых Наркамата Рабоча-сялянскай інспекцыі (1921 г.), стар.1
10. Асабістая анкета для служачых Наркамата Рабоча-сялянскай інспекцыі (1921 г.), стар.2