Статут ВКЛ, Псалтыр і жаночая газета: дырэктар «Занальнага архіва ў г.Маладзечна» падчас прафсаюзнай турыстычнай паездкі азнаёмілася з каштоўнымі гістарычнымі дакументамі
У рамках прафсаюзнай экскурсіі дырэктар установы «Занальны дзяржархіў у г.Маладзечна» Іна Пудакевіч наведала Магілёўскую і Гомельскую вобласці. Падчас турыстычнай праграмы пабывала ў знакавых і цікавых месцах рэгіёнаў: у мемарыяльным комплексе «Помнік дзецям – ахвярам Вялікай Айчыннай вайны 1941-1945 гг.», у сядзібе Козел – Паклеўскіх, у Палацы Булгакаў у Жылічах, на Буйніцкім полі, у гарадской Ратушы Магілёва і ў іншых аб’ектах. У некаторых з іх увазе экскурсантаў былі прапанаваны дакументы, якія прадстаўляюць гістарычную каштоўнасць.
Так, у галоўным будынку горада Магілёва Іна Зянонаўна змагла пазнаёміцца са Статутам ВКЛ 1588 года, надрукаваным прыкладна ў 1594 годзе на старажытнарускай мове ў друкарні Мамонічаў (Вільня). Кніга прамавугольнай формы, маюцца на ёй вадзяныя знакі, невялікія надрывы, забруджванні. Адсутнічаюць старонкі 1-16, першыя лісты рэстаўраваны, частка старонак у водных пацеках. Вокладка кнігі больш позняга часу, аздобленая каляровай паперай. На карэньчыку маецца цісненне золатам «СТАТУТЪ Літоўскага», а таксама арнамент. Статут – вышэйшы заканадаўчы акт Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага, папярэднік еўрапейскіх Канстытуцый. Асобнік быў набыты ў 2012 годзе за кошт прыватных ахвяраванняў ад грамадзян і спонсарскай дапамогі. Таксама прадстаўлены рэлігійныя пісанні, напрыклад, кніга «Апостал», надрукаваная Магілёўскім першадрукаром Спірыдонам Собалем у 1632 г.у Куцейна або Буйнічах. Набыта музеем за кошт бюджэтнага фінансавання ў 2017 годзе.
Экскурсанты пазнаёміліся і са свецкай перыёдыкай. Да прыкладу, у сядзібе Козел – Паклеўскіх увазе была прадстаўлена французская Жаночая газета, датаваная 1901 годам. З яе беларускія дзяўчаты з вышэйшага грамадства даведваліся пра тэндэнцыі моды, знаёміліся літаратурнымі творамі розных краін і выяўленчай творчасцю еўрапейскіх мастакоў, сачылі за хронікай дзён і не толькі.
Дырэктара занальнага архіва зацікавілі як змест усіх прадстаўленых друкаваных экспанатаў, так і ўмовы іх захоўвання і выкарыстання.
У «дзіцячай Хатыні», так яшчэ называюць мемарыяльны комплекс «Помнік дзецям – ахвярам Вялікай Айчыннай вайны 1941-1945 гг.» перадсмяротны ліст-завяшчанне 15-гадовай дзяўчынкі Каці Сусанінай свайму бацьку ўвекавечана ў Мемарыяле. Яго знайшлі, калі разбіралі цагляны мур разбуранай печы ў адным з дамоў у вызваленым райцэнтры Лёзна, што ў Віцебскай вобласці. На канверце стаяў адрас: «дзеючая армія. Палявая пошта № … Сусаніну Пятру» У Лёзна гэтая дзяўчынка была ў рабстве ў аднаго важнага акупанта і 12 сакавіка 1943 года, у дзень свайго пятнаццацігоддзя, больш не ў сілах трываць здзекаў, скончыла жыццё самагубствам. Перад гэтым яна напісала ліст бацьку, які быў на фронце. Ліст быў знойдзены ў 1944 годзе. Да адрасата яно так і не дайшло.
– Дакументы з’яўляюцца неад’емнай часткай гістарычнай і культурнай спадчыны народаў. Яны захоўваюць інфармацыю аб мінулым, страты і дасягненні грамадства, берагуць памяць і дапамагаюць перадаць веды і гістарычны вопыт будучым пакаленням, – адзначыла Іна Пудакевіч.
![]() |
Дэлегацыя Маладзечанскай раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў у гарадской Ратушы Магілёва |
![]() |
Фрагмент экспазіцыі ў Ратушы Магілёва |
![]() |
Фрагмент экспазіцыі ў Ратушы Магілёва |
![]() |
Статут ВКЛ 1588 года |
![]() |
Жаночая газета 1901 года, прадстаўленая ў сядзібе Козелаў – Паклеўскіх. |
![]() |
Фрагмент Жаночай газеты 1901 года, прадстаўленая ў сядзібе Козел – Паклеўскіх |