Без тэрміну даўнасці: кіраўніцтва ўстановы «Занальны дзяржаўны архіў у г.Маладзечна» у Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны прыняло ўдзел ва Усебеларускай мінуце моўчання

Кіраўніцтва ўстановы «Занальны дзяржаўны архіў У г.Маладзечна» у Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны прыняло ўдзел ва Усебеларускай мінуце моўчання. Мерапрыемства прайшло ля помніка героям-вызваліцелям у парку Перамогі і сабрала прадстаўнікоў мясцовай вертыкалі ўлады, грамадскіх аб’яднанняў, працоўных калектываў, моладзі, неабыякавых грамадзян. Роўна апоўдні яны схілілі галовы, яшчэ раз успомнілі тых, хто пацярпеў ад дзеянняў фашыстаў і цаной свайго жыцця ўнёс уклад у Вялікую Перамогу. Завяршылася мерапрыемства цырымоніяй ускладання кветак.

– У такіх падзей не можа быць тэрміну даўнасці, за якім стаіць забыццё. Занадта вялікая была цана за мірнае неба … Памятаць і не даць паўтарыцца на нашай зямлі тым падзеям зноў – абавязак кожнага грамадзяніна краіны, – адзначыла дырэктар архіва Іна Зянонаўна.

Удзельнікі мітынгу ўшанавалі ўсіх загінулых хвілінай маўчання, завяршылася мерапрыемства цырымоніяй ускладання кветак.

Даведачна: Парк Перамогі было вырашана закласці ў Маладзечне пастановай гарсавета і бюро Маладзечанскага гарадскога камітэта КП(б)б ад 17 кастрычніка 1945 года. Да таго ж у фондзе занальнага архіва захоўваецца рашэнне Маладзечанскага гарадскога Савета дэпутатаў ад 13 красавіка 1946 года аб выдзяленні зямельнага ўчастка для будучага парку. У снежні 1982 года тут адкрыўся мемарыяльны комплекс у гонар вызваліцеляў горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў (скульптары I.М.Глебаў і А.М.Заспіцкі, архітэктары Ю.І.Казакоў і Ю.Б.Белановіч). Паклоннае месца традыцыйна збірае ў знакавыя даты (і не толькі) неабыякавых патрыётаў Беларусі.

 

1. Мемарыяльны комплекс у гонар вызваліцеляў.
2. Дырэктар установы «Занальны дзяржаўны архіў у г.Маладзечна» І.З. Пудакевіч падчас мітынгу.
3. Мітынг у Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны.
4. Рашэнне аб выдзяленні зямельнага ўчастка для Парка Перамогі ў г.Маладзечна.