Аб сустрэчы супрацоўнікаў установы «Занальны дзяржаўны архіў у г. Кобрыне» з калектывам адкрытага акцыянернага таварыства «Бярозаўскі мясакансервавы камбінат»
5 чэрвеня 2024 г. у Міжнародны тыдзень архіваў супрацоўнікі занальнага дзяржаўнага архіва ў г. Кобрыне арганізавалі сустрэчу з калектывам Бярозаўскага мясакансервавага камбіната.
У ходзе гэтага мерапрыемства для супрацоўнікаў камбіната былі прадэманстраваны дакументальны фільм «Да 80-й гадавіны вызвалення горада Брэста ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў» і кароткаметражныя сацыяльныя ролікі да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і да Дня Перамогі, падрыхтаваныя калектывам Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў (БДАКФФД) у рамках праекта «Адкрыты кінаархіў. Гэты дзень мы набліжалі як маглі».
Перад паказам фільма з уступным словам выступіла дырэктар дзяржархіва Юлія Закірава.
Была прадэманстравана віртуальная экскурсія па дзяржархіве, якая адлюстроўвае ўсе напрамкі дзейнасці ўстановы.
У рамках гэтай сустрэчы таксама была аказана кансультацыйная дапамога спецыялістам па пытаннях справаводства і працы архіва прадпрыемства.
Праведзены семінар на тэму «Складанне наменклатуры спраў арганізацыі».