ЖАНОЧЫ ТВАР ПЕРАМОГІ

8 мая 2024 года напярэдадні Дня Перамогі ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь адкрылася дакументальная выстава «Жаночы твар Перамогі», прымеркаваная да гэтай памятнай даты.

Дзясяткі тысяч беларусак – маці і жонак сталі ў адну шарэнгу з мужчынамі і нароўні з імі змагаліся з нямецкімі захопнікамі. Гераічныя падпольшчыцы, мужныя партызанкі, адважныя жанчыны-воіны Чырвонай Арміі, доблесныя працаўнікі тылу ваявалі і працавалі на Вялікую Перамогу. Герой Савецкага Саюза падпольшчыца Вера Харужая, Аляксандра Сцяпанава-першая з беларускіх партызанак узнагароджаная медалём «Партызану Айчыннай вайны», Марыя Осіпава, Алена Мазанік і тысячы іншых жанчын-беларусак усе разам і кожная паасобку набліжалі Перамогу. Жанчыны асвойвалі самыя розныя ваенныя прафесіі: медсясцёр, лётчыц, сапёраў, разведчыц, снайпераў. Бясспрэчна, Перамогу заваявалі нашы воіны, нашы доблесныя мужчыны, але нельга адмаўляць жаночы ўклад у гэтым вялікім дасягненні народа. На перадавой, у «партызанцы» і ў тыле, радысткі і медсёстры, маці і зусім юныя дзяўчынкі – кожная ўклала ў Перамогу тое, што было ёй пад сілу.

Унікальнасць гэтага выставачнага праекта ў тым, што акрамя архіўных дакументаў з фондаў прадстаўлены дакументы з сямейных архіваў работнікаў Нацыянальнага архіва, родныя і блізкія якіх прымалі ўдзел у Вялікай Айчыннай вайне. Кожная паасобку і ўсе разам яны набліжалі перамогу і перамаглі.

Прадстаўлены ў экспазіцыі аўтэнтычны прадметны шэраг (узнагароды, фотаальбомы, граматы, асабістыя рэчы) дазволіў закрануць эмацыйны бок прафесіі архівіста, адчуць атмасферу мінулых часоў гераічнай эпохі. Кожная сям’я шануе памяць сваіх продкаў, беражліва захоўвае ўзнагароды сваіх герояў. Архівісты ўласным прыкладам імкнуцца данесці да нашчадкаў пачуццё гонару за сваіх продкаў, імкнуцца да таго, каб памяць пра подзвіг народа не згасла ў розумах і сэрцах беларусаў

Дзіўныя лёсы, вельмі розныя, непадобныя. Адно радніць гэтых жанчын-самаадданая любоў да сваёй Радзімы і служэнне ёй…

 

1. Заг.аддзела М.А.Старасценка знаёміць з выставай работнікаў архіва
2. Знаёмства з выставай архіўных дакументаў работнікаў архіва
3. Нам. дырэктара А.А.Стуканава знаёміць з дакументамі з асабістага сямейнага архіва
4. На адкрыцці выставы
5. Дакументы з сямейных фондаў архівістаў
6. Дакументы з сямейных фондаў У.Ю.Монзуля
7. Дакументы Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь