Дакументальная выстава «Подзвігі і лёсы» ў Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце

2 мая 2024 года ў Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце была арганізавана сумесная з Нацыянальным архівам Рэспублікі Беларусь дакументальная выстава «Подзвігі і лёсы».

Амаль 80 гадоў прайшло з дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. 3 страшных, бязлітасных, горкіх года і 80 гадоў без вайны. Мільёны загінулых. Такія велізарныя лічбы немагчыма нават уявіць. Колькі гэта? Насельніцтва Мінска сёння крыху менш за два мільёны. Падчас вайны, за 3 гады, загінула больш за два мільёны мірных жыхароў Беларусі-больш, чым сёння жыве ў Мiнску. Асабісты боль кожнай беларускай сям’і, дзе родныя не вярнуліся з фронту, прапалі без вестак, закатаваныя, расстраляныя, спаленыя, сагнаныя ў Германію. Мы будзем памятаць, каб больш ніколі не прыйшлося праводзіць блізкіх на вайну, каб дамы будаваліся, а не разбураліся снарадамі, каб людзі нараджаліся, а не гінулі.

Глыбокая падзяка за Вялікую Перамогу ветэранам універсітэта — удзельнікам баёў на франтах вайны, у падполлі і ў партызанскіх атрадах, камандзірам і медсёстрам, разведчыкам і сувязістам, сапёрам і кавалерыстам. У пасляваенны час яны працавалі ва ўніверсітэце: сярод іх былі прарэктар, выкладчыкі, навуковыя супрацоўнікі, работнік кадравай службы, ліфцёр, дворнік. Ім прысвячаецца выстава, арганізаваная бібліятэкай універсітэта, дзе прадстаўлены ўнікальныя архіўныя дакументы Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь: атэстацыйныя і ўзнагародныя лісты, аўтабіяграфіі і характарыстыкі, асабістыя лісткі па ўліку партызанскіх кадраў.

Заг. аддзелам выкарыстання дакументаў і інфармацыі М.А.Старасценка прыняла ўдзел у адкрыцці часовай экспазіцыі і распавяла прысутным аб складзе архіўных дакументаў.

 

1. Загадчык аддзела М.А.Старасценка знаёмiць студэнтаў з выставай.
2. Студэнты знаёмяцца з выставай архiўных дакументаў.
3. На выставе.
4. Выкладчыкi БДТУ знаёмяцца з выставай.
5. Дакументы на выставе у БДТУ.
6. Дакументы на выставе.
7. Супрацоўнiкi i студэнты знаёмяцца з архiўнымi дакументамi.