Занальны дзяржаўны архіў у г.Рэчыцы прадстаўляе дакумент аб прысваенні Стралічаўскай сярэдняй школе Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці імя поўнага кавалера ордэна Славы У.М.Марчанкі

Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны Уладзімір Марчанка (07.08.1916 — 17.04.1945) – ураджэнец Хойніцкага раёна. У Чырвонай арміі з 1937 года. Служыў у артылерыі. На вайне – з першых дзён. Ваяваў на Паўночна-Каўказскім, 3-м і 4-м Украінскіх, 1-м Беларускім франтах. Удзельнічаў у абароне Паўночнага Каўказа і Кубані, вызваленні Данбаса, поўдня Украіны, Малдавіі, Польшчы, у баях на тэрыторыі Германіі. 22 верасня 1944 года старшына Марчанка ўдастоены ордэна Славы III ступені, а 29 сакавіка 1945 года – ордэна Славы II ступені. Загінуў у баі. Пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Славы I ступені 15 мая 1946 года.

20 гадоў таму, 29 красавіка 2004 года, кіраўніцтвам Хойніцкага райвыканкама было прынята рашэнне №354 (Ф. 1. Воп. 1. Спр. 1009. Арк. 167). У ім напісана наступнае: «У адпаведнасці з Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 21.12.1992 года №763 «Аб увекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў», хадайніцтвам раённага савета ветэранаў вайны і з мэтай увекавечання памяці Марчанкі У.М., яго баявых заслугаў у гады Вялікай Айчыннай вайны, раённый выканаўчы камітэт ВЫРАШЫЎ: 1. Прысвоіць Стралічаўскай сярэдняй школе Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці імя Марчанкі Уладзіміра Мікітавіча».

 

1. У.М.Марчанка і ордэны Славы III, II і I ступеней
2. ЗДА ў г.Рэчыцы. Ф. 1. Воп. 1. Спр. 1009. Арк. 167
3. ДУА «Стралічаўская сярэдняя школа імя У.М.Марчанкі»