«Еўрапейскія стандарты якасці Магілёўскага ВА «Хімвалакно»

Адкрытае акцыянернае таварыства «Магілёўхімвалакно» вось ужо больш за паўстагоддзя з’яўляецца адзіным у Рэспубліцы Беларусь буйным вытворцам дыметылтэрэфталату, поліэфірнага грануляту ПЭТ, поліэфірных валокнаў і нітак, сінтэтычных плёнак і асноўным пастаўшчыком сыравіны для лёгкай прамысловасці.

Магілёўскае вытворчае аб’яднанне «Хімвалакно» было створана загадам Міністэрства хімічнай прамысловасці СССР ад 21 ліпеня 1975 года №453. У склад вытворчага аб’яднання ўвайшоў таксама Магілёўскі завод штучнага валакна ім. Куйбышава.

Ад самога стварэння ВА «Магілёўхімвалакно» было абсталявана станкамі і абсталяваннем для вытворчасці сінтэтычных валокнаў, закупленымі на Захадзе. У якасці галоўнага партнёра быў абраны адзін з найбуйнейшых прадстаўнікоў хімічнай прамысловасці Вялікабрытаніі – кансорцыум «Polyspinners».

Само будаўніцтва завода было абвешчана «камсамольскай будоўляй», а завод стаў горадаўтваральным прадпрыемствам. Будаўніцтва камбіната надало імпульс развіцця Магілёву – горад атрымаў фінансавыя сродкі для пашырэння жыллёвага фонду, сеткі медыцынскіх устаноў, устаноў адукацыі і культуры.

Еўрапейскія стандарты якасці заклалі добрую навукова-тэхнічную базу для атэстацыі прадукцыі аб’яднання дзяржаўным знакам якасці СССР.

У рамках Года якасці ўстанова «Дзяржаўны архіў Магілёўскай вобласці» прадстаўляе для азнаямлення дакументы аб атэстацыі тавару дзяржаўным знакам якасці СССР валакна лаўсан-М фарбаванае ў масе ў чорны колер, якое не саступала сусветным аналагам ад кампаніі Hoechst (ФРГ) і Imperial Chemical Industries (Вялікабрытанія).