Аб удзеле супрацоўнікаў НАРБ у Міжнароднай канферэнцыі «Беларусь — Арменія: старонкі гісторыі»

18—19 красавіка 2024 г.супрацоўнікі Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь (НАРБ) прынялі ўдзел у Міжнароднай навуковай канферэнцыі «Беларусь — Арменія: старонкі гісторыі», якая праходзіла ў Інстытуце гісторыі НАН Беларусі і была арганізавана сумесна з Інстытутам археалогіі і этнаграфіі НАН Рэспублікі Арменія, Пасольствам Рэспублікі Арменія ў Рэспубліцы Беларусь, Фондам развіцця і падтрымкі арменаведчых даследаванняў «АНІВ».

18 красавіка ў працы пленарнага пасяджэння прыняў удзел дырэктар НАРБ А.К.Дземянюк. Адным з мадэратараў другога пасяджэння «Гісторыя беларуска-армянскіх культурных сувязяў: новы час» выступіў вядучы архівіст аддзела выкарыстання дакументаў і інфармацыі, к.г.н. В.П.Гарматны.

19 красавіка праходзіла праца трэцяга пасяджэння «Гісторыя беларуска-армянскіх культурных сувязяў: навейшы час». На ім выступілі: навуковы супрацоўнік аддзела публікацый НАРБ Т.М.Агеенка (даклад «Армяне ў дакументах партыйнага комплексу Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь 1917—1991»); малодшы навуковы супрацоўнік гэтага ж аддзела, к.г.н. В.М.Бароўская (даклад «Роля паўнамоцных прадстаўнікоў РСФСР (СССР) у Польшчы Л.М.Карахана і Я.Х.Даўцяна ў развіцці савецка-польскіх узаемаадносін 1921—1939 гг».), яна ж выступіла адным з мадэратараў трэцяга пасяджэння; вядучы архівіст аддзела выкарыстання дакументаў і інфармацыі, к.г.н. В.П.Гарматны (даклад «Беларуска-армянскія футбольныя сувязі 1991—2024»). У завочным фармаце ў працы канферэнцыі прыняў удзел намеснік дырэктара архіва, к.г.н. С.В.Кулінок (даклад «Незаслужана забыты начальнік штаба: В.М.Айрапетаў і яго баявы лёс»).