Аб удзеле ўстановы «Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў» у семінары «100-годдзе беларускага кіно ў экспазіцыйнай прасторы рэспубліканскіх і краязнаўчых музеяў»

29 сакавіка 2024 года ў Музеі гісторыі беларускага кіно адбыўся рэспубліканскі навукова-практычны семінар «100-годдзе беларускага кіно ў экспазіцыйнай прасторы рэспубліканскіх і краязнаўчых музеяў».

Мерапрыемства аб’яднала спецыялістаў з архіваў, музеяў, навуковых устаноў, якія падзяліліся вопытам захавання аўдыёвізуальных дакументаў, рэкамендацыямі па экспанаванні, а таксама прапановамі па супрацоўніцтве.

Спікерам ад установы «Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў» (далей – БДАКФФД) выступіў дырэктар архіва А.М.Ганчар. Тэма яго даклада «Аўдыёвізуальныя дакументы Нацыянальнага архіўнага фонду Рэспублікі Беларусь, прысвечаныя 100-годдзю беларускага кіно: склад фондаў, асаблівасці захоўвання і выкарыстання». У выступленні акцэнт быў зроблены на асаблівыя ўмовы захоўвання аўдыёвізуальных дакументаў, якія ўваходзяць у склад Нацыянальнага архіўнага фонду Рэспублікі Беларусь, паколькі пры іх невыкананні каштоўныя дакументы могуць быць страчаны назаўжды. Акрамя таго, была дадзена пашыраная характарыстыка жанравага і тэматычнага складу дакументаў, якія захоўваюцца ў БДАКФФД. А.М.Ганчар падкрэсліў, што ўнікальнасць аўдыёвізуальных дакументаў, якія знаходзяцца ў фондах архіва, іх гістарычная, культурная і навуковая каштоўнасць надзвычай высокія, а калектыў БДАКФФД нязменна адкрыты для новых сумесных праектаў.

 

1. Перад пачаткам мерапрыемства
(29 сакавіка 2024 г., г.Мінск, БДАКФФД)
2. Выступленне дырэктара БДАКФФД А.М.Ганчара
(29 сакавіка 2024 г., г.Мінск, БДАКФФД)
3. Падчас правядзення семінара
(29 сакавіка 2024 г., г.Мінск, БДАКФФД)