Эвакуяваліся за адну хвіліну. У занальным дзяржархіве Маладзечна прайшлі пажарна-тактычныя вучэнні
Паводле легенды адбылося ўзгаранне аднаго са сховішчаў. Выявіўшы пажар, інжынер-энергетык Пётр Белы паведаміў пра яго ў Службу выратавання па тэлефоне «112». Пачалася неадкладная эвакуацыя наведвальнікаў і работнікаў з будынка.
У ходзе вучэнняў было праверана таксама выкананне персаналам правілаў тэхнікі бяспекі, у тым ліку пры спрацоўцы спецыяльнай газавай сістэмы пажаратушэння, якая складаецца з 10 балонаў з СО2. Работнікам нагадалі і як працаваць з супрацьпажарным інвентаром у выпадку НС.
– Падобныя вучэнні-эфектыўны спосаб павысіць гатоўнасць усіх сіл і сродкаў да дзеянняў па тушэнні пажару, забяспечыць захаванасць дакументаў, якія фарміруюць Нацыянальны архіўны фонд. Дарэчы, ва ўстанове «Занальны дзяржархіў у г. Маладзечна» знаходзіцца больш за 285 000 адзінак захоўвання. Крыніцамі камплектавання з’яўляюцца прадпрыемствы і арганізацыі Вілейскага, Валожынскага, Маладзечанскага і Мядзельскага раёнаў, – падзялілася дырэктар архіва Іна Пудакевіч.
Экспертную ацэнку па выніках вучэнняў даў намеснік начальніка Маладзечанскага ГРАНС Аляксандр Падлужны. Ён адзначыў, што падчас тактычнай адпрацоўкі было арганізавана эфектыўнае ўзаемадзеянне членаў добраахвотнай пажарнай дружыны, вучэнні прайшлі на дастойным узроўні. Таксама Аляксандр Сяргеевіч падчас прафілактычнай гутаркі азнаёміў работнікаў архіва са статыстыкай МНС і мерамі прадухілення няшчасных выпадкаў. З пачатку года ў Беларусі адбылося 1388 пажараў, у якіх загінула 171 чалавек, з іх – адно дзіця. У Маладзечанскім раёне ліквідавана 16 пажараў з адным загінулым. У большасці – прычынай пажару становіцца неасцярожнае абыходжанне чалавека з агнём, праблема нумар адзін – курэнне ў ложку ў нецвярозым стане. Намеснік начальніка Маладзечанскага ГРАНС нагадаў прысутным аб правілах паводзін у побыце, на дачных участках, ля вадаёмаў. Таксама распавёў пра важнасць устаноўкі ў дамах і кватэрах аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў і правілах іх выкарыстання. У завяршэнні мерапрыемства кожнаму ўручыў прафілактычныя памяткі і буклеты.