У Дзяржархіве ў г.Глыбокае адбыўся круглы стол «Літаратурна-музычная гасцёўня «З любоўю да жыцця і слова…»

27 сакавіка 2024 года ў чытальнай зале ўстановы «Занальны дзяржаўны архіў у г.Глыбокае» прайшла літаратурна-музычная гасцёўня «З любоўю да жыцця і слова..», прысвечаная 70-гадоваму юбілею паэта, члена Саюза беларускіх пісьменнікаў Алеся Міхайлавіча Жыгунова.

Мерапрыемства праведзена сумесна з Глыбоцкай цэнтральнай раённай бібліятэкай. У цёплай, душэўнай атмасферы залы Алесь Міхайлавіч чытаў вершы са сваіх зборнікаў «Матчына вышыванка», «Мая Тройца» і інш.

На сустрэчы прысутнічалі сябры паэта – Таццяна Ломыш, паэтка і Браніслаў Грамакоўскі, кампазітар, спявак. У выкананні Браніслава Грамакоўскага прагучалі песні, напісаныя на вершы Алеся Жыгунова, якіх налічваецца каля трыццаці.

У сваю чаргу супрацоўнікі аддзела выкарыстання і публікацыі дакументаў Таццяна Аўласава і Марына Малатоўнік пазнаёмілі прысутных з дакументамі з асабістых фондаў паэтаў Віталя Гарановіча, Марыі Баравік, Галіны Загурскай, якія знаходзяцца на захоўванні ў Дзяржархіве ў г.Глыбокае. Архівісты запрасілі гасцей да супрацоўніцтва для стварэння іх асабістых фондаў.