Правядзенне ўрока для вучняў 10 класа ў рамках акцыі «Архівы −школе» ва ўстанове «Дзяржаўны архіў Гродзенскай вобласці»

27 сакавіка 2024 года ў рамках акцыі «Архівы − школе» установай «Дзяржаўны архіў Гродзенскай вобласці» для навучэнцаў 10 «К» класа ДУА «Сярэдняя школа №37 г.Гродна» быў праведзены ўрок на тэму «Нямецка-фашысцкі акупацыйны рэжым на тэрыторыі горада Гродна».

Супрацоўнікі архіва расказалі школьнікам аб складзе дакументаў і асноўных напрамках работы ўстановы; прадэманстравалі дзецям унікальныя дакументальныя матэрыялы нямецкіх акупацыйных органаў улады: карткі ваеннапалонных, якія знаходзіліся ў нямецкіх лагерах, рабочыя пасведчанні грамадзян, адпраўленых на працу ў Германію, пасведчанні вязняў гета, анкеты рабочых, паведамленні аб прызыве на працу. Навучэнцы таксама пазнаёміліся з дакументамі партызанскіх і падпольных брыгад, якія дзейнічалі на тэрыторыі Гродзенскай вобласці ў гады нямецка-фашысцкай акупацыі.

Таксама ўвазе навучэнцаў былі прадстаўлены экспануемыя ў чытальнай зале архіва выставы дакументаў, прысвечаныя падзеям і ўдзельнікам Вялікай Айчыннай вайны: «Гэты дзень мы набліжалі, як маглі..»., «Ішла вайна народная. Партызаны і падпольшчыкі Гродзеншчыны», «Забыццю не падлягае».

Завяршыўся ўрок агляднай экскурсіяй па архівасховішчы, падчас якой школьнікам распавялі пра ўмовы і асаблівасці захоўвання дакументаў.