20 сакавіка 2024 г. адбыўся навучальны семінар па справаводстве для работнікаў галоўных упраўленняў юстыцыі аблвыканкамаў, Мінскага гарвыканкама, якія ажыццяўляюць функцыі ў сферы архіўнай справы і справаводства, і дзяржаўных архіўных устаноў
Семінар пад назвай «Змяненні ў справаводстве ў святле патрабаванняў новай рэдакцыі Інструкцыі па справаводстве ў дзяржаўных органах, іншых арганізацыях» быў арганізаваны ў адпаведнасці з Планам арганізацыйных мерапрыемстваў па ўдасканаленні патрабаванняў да дакументавання і арганізацыі работы з дакументамі, зацверджаным Міністрам юстыцыі Рэспублікі Беларусь С.М.Хаменка 8 лістапада 2023 г., і Планам растлумачальнай работы па пытаннях новай рэдакцыі Інструкцыі па справаводстве ў рэспубліканскіх органах, іншых арганізацыях, зацверджаным дырэктарам Дэпартамента па архівах і справаводству Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь А.Л.Воінавым 15 лютага 2024 г.
Арганізатарамі семінара выступілі Дэпартамент па архівах і справаводству Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь, Беларускі навукова-даследчы інстытут дакументазнаўства і архіўнай справы, Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. Семінар працягнуў серыю навучальных мерапрыемстваў па справаводчай праблематыцы, праведзеных раней у галіновых сістэмах канцэрна «Белнафтахім», РУП «Мінскэнерга», іншых органаў і арганізацый.
У рабоце семінара, які прайшоў у фармаце вочнай прысутнасці і відэаканферэнц-сувязі, прынялі ўдзел больш за 200 чалавек з усіх рэгіёнаў краіны.
Адкрыў семінар дырэктар Дэпартамента па архівах і справаводству Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь А.Л.Воінаў. У сваім выступленні ён адзначыў важнасць няўхільнага выканання патрабаванняў заканадаўства па справаводстве, у тым ліку з пункту гледжання перспектыў камплектавання дзяржаўных архіваў дакументамі, якія ўтвараюцца ў дзейнасці дзяржаўных органаў і іншых арганізацый. Асаблівую актуальнасць захаванне нормаў новай рэдакцыі Інструкцыі па справаводстве набывае ва ўмовах укаранення ў практыку работы арганізацый электронных дакументаў, электроннага дакументазвароту, пераходу на архіўнае захоўванне дакументаў у электронным выглядзе без папяровых аналагаў.
Асноўныя пытанні, разгледжаныя на семінары, былі аб’яднаны ў пяць тэматычных блокаў: «Сфера прымянення Інструкцыі па справаводстве», «Змяненні ў дакументаванні кіраўніцкай дзейнасці», «Арганізацыя дакументазвароту», «Класіфікацыя і ўлік дакументаў і спраў», «Асаблівасці работы з дакументамі ў электронным выглядзе». З дакладамі-прэзентацыямі выступілі дырэктар БелНДІДАС кандыдат гістарычных навук А.Я.Рыбакоў, загадчык аддзела дакументазнаўства інстытута А.В.Шумская, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела дакументазнаўства кандыдат гістарычных навук К.П.Дзярновіч.
Па заканчэнні семінара адбыўся круглы стол, у рамках якога ўдзельнікі абмяняліся думкамі, задалі ўдакладняючыя пытанні.
Высока ацаніўшы ўзровень праведзенага мерапрыемства, адзначыўшы важнасць і актуальнасць разгледжаных пытанняў, удзельнікі семінара выказалі падзяку яго арганізатарам.
Правядзенне навучальных семінараў па пытаннях справаводства, у тым ліку па растлумачэнні норм новай рэдакцыі Інструкцыі па справаводстве, будзе працягнута.
![]() |
1, Дырэктар Дэпартамента па архівах і справаводству Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь А.Л.Воінаў звяртаецца з прывітальным словам да ўдзельнікаў семінара |
![]() |
2. У час адкрыцця семінара |
![]() |
3. Удзельнікі семінара |
![]() |
4. Перад слухачамі выступае дырэктар БелНДІДАС А.Я.Рыбакоў |
![]() |
5. Намеснік дырэктара Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь А.А.Стуканава ў час работы семінара |
![]() |
6. Перад слухачамі выступае загадчык аддзела дакументазнаўства БелНДІДАС А.В.Шумская |