У Дзяржархіве ў г.Глыбокае адбыўся чарговы ўрок у рамках пілотнага праекта «Юны архівіст»

16 сакавіка 2024 года ў Дзяржархіве ў г.Глыбокае адбыўся чарговы ўрок для сяброў таварыства па інтарэсах «Юны архівіст». На гэты раз дзецям для вывучэння былі прапанаваны дзве тэмы – «15 сакавіка – Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь» і «Год якасці».

Загадчык аддзела выкарыстання і публікацыі дакументаў Таццяна Аўласава арганізавала для вучняў прагляд дакументальнага фільма, падрыхтаванага Міністэрствам юстыцыі Рэспублікі Беларусь, прымеркаванага да 30-годдзя Асноўнага Закона. Затым адбылося абмеркаванне фільма, якое завяршылася праверкай атрыманых ведаў – правядзеннем віктарыны «Свет права. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь». З вельмі складанымі і сур’ёзнымі пытаннямі дзеці справіліся на «выдатна».

У фае Дзяржархіва членам таварыства быў прадэманстраваны тэматычны стэнд, прысвечаны Году якасці. Вядучы архівіст Аліна Юргель расказала вучням аб гісторыі ўзнікнення знака якасці, яго абазначэннях, увядзенні ў дзеянне. Дзеці даведаліся пра першых уладальнікаў дзяржзнака якасці ў БССР – самазвал БелАЗ-540А, трактар МТЗ-50 і інш. З непадробнай цікавасцю вучні разглядалі рэчы часоў СССР, якія маюць знак якасці.