Выстава «Галоўны дакумент краіны (да 30-годдзя прыняцця Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь)»

15 сакавіка 2024 года Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь адкрыў часовую экспазіцыю «Галоўны дакумент краіны (да 30-годдзя прыняцця Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь)» у Міністэрстве юстыцыі Рэспублікі Беларусь.

30-годдзе Канстытуцыі – знакавая падзея ў сучаснай Беларусі. Па ўсіх параметрах беларуская Канстытуцыя – Канстытуцыя развітога, свабоднага грамадства, якая заснавана на прынцыпе вяршэнства права, выразным падзеле галін улады, разнастайнасці палітычных інстытутаў, ідэалагічных поглядаў, яна адлюстроўвае вопыт канстытуцыйнага будаўніцтва перадавых краін свету, выразна і паслядоўна выкладае базавыя агульначалавечыя каштоўнасці.

На выставе прадстаўлены архіўныя дакументы, якія адлюстроўваюць храналогію станаўлення канстытуцыйных асноў у Беларусі і распавядаюць аб ходзе падрыхтоўкі і прыняцця Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 года і ўнясенні змяненняў і дапаўненняў у Асноўны закон Рэспублікі ў сувязі з імкліва зменлівымі палітычнымі, сацыяльна-эканамічнымі рэаліямі.

На сёння Канстытуцыя дзейнічае са зменамі і дапаўненнямі, прынятымі на рэспубліканскіх рэферэндумах 24 лістапада 1996 г., 17 кастрычніка 2004 г. і 27 лютага 2022 г. Беларуская Канстытуцыя гарантуе кожнаму грамадзяніну свабоды і права, неабходныя для стваральнай працы, годнага жыцця і гарманічнага ўсебаковага развіцця асобы.

Загадчык аддзела М.А. Старасценка і навуковы супрацоўнік аддзела выкарыстання дакументаў і інфармацыі Ю.С. Прастакова пазнаёмілі з выставай супрацоўнікаў Міністэрства.