Прэзентацыя кнігі «Вярхоўны Савет БССР першага склікання (1938-1947)» у рамках ХХХІ Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу
15 сакавіка ў рамках XXХI Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу прайшла прэзентацыя кнігі «Вярхоўны Савет БССР першага склікання (1938–1947)», падрыхтаванай вучонымі Інстытута гісторыі НАН Беларусі сумесна з Нацыянальным архівам Рэспублікі Беларусь і выдавецтвам «Беларусь».
Ад імя аўтарскага калектыву выступіў вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела выкарыстання дакументаў і інфармацыі Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, кандыдат гістарычных навук Валянцін Генрыхавіч Мазец, які расказаў пра падрыхтоўку кнігі і пра значэнне Вярхоўнага Савета БССР першага склікання ў гісторыі Беларусі.
Доктар біялагічных навук, акадэмік НАН Беларусі Уладзімір Мікалаевіч Рашэтнікаў на прыкладзе дзейнасці свайго бацькі – дэпутата Мікалая Арцёмавіча Рашэтнікава раскрыў асноўныя аспекты той гераічнай эпохі, у якой прыйшлося дзейнічаць дэпутатам Вярхоўнага Савета першага склікання.
Дырэктар Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь Андрэй Канстанцінавіч Дземянюк прысвяціў сваё выступленне ўзаемадзеянню архіва з Інстытутам гісторыі ў працэсе падрыхтоўкі кнігі, а таксама пра дакументы Нацыянальнага архіва, якія дазваляюць раскрыць шматгранную дзейнасць дэпутатаў Вярхоўнага Савета.
Загадчык аддзела выкарыстання дакументаў і інфармацыі Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь Маргарыта Анатольеўна Старасценка падкрэсліла надзвычайную важнасць дакументаў асабістага паходжання пры падрыхтоўцы кніг.
У цэлым прэзентацыя кнігі стала важкім укладам у распаўсюджванне гістарычных ведаў і абуджэнне цікавасці да далейшага даследавання найбагацейшага гістарычнага мінулага беларускага народа.