14 сакавіка 2024 г. Беларускім навукова-даследчым інстытутам дакументазнаўства і архіўнай справы праведзены выязны навучальны семінар для работнікаў канцэрна «Белнафтахім» на тэму: «Актуальныя пытанні вядзення справаводства і архіўнай справы ў арганізацыі. Электронны дакументазварот»
У рабоце семінара, арганізаванага ў супрацоўніцтве з упраўленнем арганізацыйна-інфармацыйнай работы і кантролю канцэрна «Белнафтахім», у якасці слухачоў прынялі ўдзел работнікі справаводных і архіўных служб цэнтральнага апарата канцэрна, уваходзячых у яго склад прадпрыемстваў і падраздзяленняў, усяго больш за 50 чалавек. Спікерамі ад БелНДІДАС выступілі дырэктар інстытута канд. гіст. навук А.Я.Рыбакоў і вядучы навуковы супрацоўнік аддзела дакументазнаўства канд. гіст. навук К.П.Дзярновіч.
На семінары былі разгледжаны тры асноўныя тэматычныя блокі пытанняў.
У рамках тэмы «Нарматыўна-метадычная база ў сферы справаводства і архіўнай справы. Новая рэдакцыя Інструкцыі па справаводству ў дзяржаўных органах, іншых арганізацыях» асобая ўвага была нададзена пытанням правільнага вырабу і завярэння копій дакументаў, парадку складання і зацвярджэння наменклатуры спраў арганізацыі, фарміравання і афармлення спраў у справаводстве і іх перадачы ў архіў, вызначэння тэрмінаў захоўвання дакументаў, складання вопісаў спраў, парадку знішчэння дакументаў са скончанымі тэрмінамі захоўвання.
У рамках тэмы «Справаводства па зваротам грамадзян і юрыдычных асоб» былі разгледжаны пытанні прыёму і рэгістрацыі пісьмовых, вусных і электронных зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб, у тым ліку ідэнтычных і паўторных, парадку і тэрмінаў разгляду зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб, патрабаванняў, якія прад’яўляюцца да зместу і афармлення адказаў на звароты, фарміравання спраў і захавання зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб і дакументаў, звязаных з іх разглядам.
Пры разглядзе тэмы «Электронны дакументазварот і архіўнае захоўванне дакументаў у электронным выглядзе, электронных дакументаў» быў прааналізаваны змест паняццяў «дакумент у электронным выглядзе», «электронны дакумент» і іншых звязаных з імі паняццяў, разгледжаны патрабаванні да стварэння дакументаў у электронным выглядзе, у тым ліку электронных дакументаў, арганізацыі работы з імі ў рамках АС ДЗК, парадак захоўвання дакументаў у электронным выглядзе ў архіве арганізацыі, умовы, пры якіх дапускаецца захоўванне дакументаў у электронным выглядзе без папяровых аналагаў, патрабаванні да інфармацыйных сістэм архіваў арганізацый, парадак перадачы дакументаў у электронным выглядзе на пастаяннае захоўванне ў дзяржаўныя архівы.
Удзельнікі семінара высока ацанілі ўзровень праведзенага мерапрыемства, падкрэслілі важнасць і актуальнасць разгледжаных на семінары пытанняў, выказалі ўдзячнасць лектарам і арганізатарам.
1. Слайд з назвай тэматычнага блока пытанняў, разгледжаных на семінары |
2. Будынак канцэрна “Белнафтахім”, у якім праходзіў навучальны семінар |
3. Агульная фатаграфія ўдзельнікаў семінара |