Аб мерапрыемствах, прысвечаных дню Абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь

Напярэдадні 80-годдзя вызвалення Беларусі ад гітлераўскіх захопнікаў, а таксама Дня абаронцы Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь 21 лютага 2024 года супрацоўнікі ўстановы «Занальны дзяржаўны архіў у г. Полацку» прынялі ўдзел у круглым стале «Памяць нашу не сцерці».

Мерапрыемства было падрыхтавана і арганізавана калектывам Музея баявой славы Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка і Полацкай раённай ветэранскай арганізацыяй. Удзел у круглым стале прынялі ветэран Вялікай Айчыннай вайны – Аляксандр Філіпавіч Растапчын, воіны-інтэрнацыяналісты, вайскоўцы полацкіх часцей, навучэнцы Полацкага кадэцкага вучылішча.

Асабліва былі кранальнымі ўспаміны родных і блізкіх тых, хто абараніў гонар і незалежнасць нашай Радзімы ў суровыя гады Вялікай Айчыннай вайны. З прывітальным словам да прысутных звярнуліся дачкі ветэрана вайны, удзельніка Полацкай франтавой наступальнай аперацыі Віктара Іосіфавіча Якайціса — Святлана Віктараўна Шэлепава і Ганна Віктараўна Аверчынкава; дачка вядомага палачаніна, ветэрана вайны Міхаіла Сцяпанавіча Грыневіча – Аляксандра Міхайлаўна Марозава; дачка ўдзельніка Берлінскай аперацыі, палачаніна Баніфацыя Іванавіча Яронькі – Галіна Баніфацьеўна Смаляк; дачка Героя Савецкага Саюза Сцяпана Апанасавіча Пашкевіча – Святлана Сцяпанаўна Коласава, сын Героя Савецкага Саюза Віктара Іванавіча Яронькі – Пётр Віктаравіч Яронька.

23 лютага 2024 года на плошчы Свабоды горада Полацка ля помніка «Вызваліцелям Полацка» адбыўся мітынг, прысвечаны Дню абаронцы Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Члены працоўнага калектыву ўстановы «Занальны дзяржаўны архіў у г. Полацку» разам з іншымі ўдзельнікамі мітынгу аддалі даніну павагі і ўдзячнасці воінам, якія ў гады Вялікай Айчыннай вайны абаранілі незалежнасць Радзімы — усклалі да падножжа помніка Вызваліцелям Полацка кветкі.