БДАМЛМ: аб атрыманні падзякі

19 лютага 2024 года ў адрас Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва накіравана Падзяка Лідскага гісторыка-мастацкага музея за актыўны ўдзел у арганізацыі сумеснай выставы «У дом твой сцежка прывяла сама…», прымеркаванай да 110-годдзя з дня нараджэння Валянціна Таўлая.

Адкрыццё выставы адбылося 8 лютага 2024 года на пляцоўцы Лідскага гістрыка-мастацкага музея з удзелам работнікаў БДАМЛМ.

Валянцін Паўлавіч Таўлай (1914–1947) нарадзіўся ў сям’і чыгуначніка. Скончыў польскую школу ў Лідзе. Паступіў у Слонімскую настаўніцкую гімназію, адкуль у 1925 годзе быў выключаны за адмову запісацца палякам. У 1927–1929 гадах вучыўся ў Віленскай беларускай гімназіі. За падпольную камсамольскую дзейнасць быў арыштаваны і ў 1929–1930 гадах знаходзіўся ў Слонімскай і Гродзенскай турмах. З кастрычніка 1930 года жыў у БССР (працаваў інструктарам райкама камсамола ў Рэчыцы, у газеце «Звязда», вучыўся на газетным аддзяленні літфака БДУ). Са снежня 1932 года – накіраваны на падпольную працу ў Заходнюю Беларусь (член рэдакцыі Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі ў Варшаве, адзін з рэдактараў «Беларускай газеты» і інш.) 4 студзеня 1934 года арыштаваны, асуджаны на 8 гадоў турмы ў Гродзенскі астрог, пазней прысуджаны да да расстрэлу 22 верасня 1939 года і вызвалены салдатамі Чырвонай Арміі. Працаваў у лідскай газеце «Уперад». Член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 1941 года. У часы Вялікай Айчыннай вайны – сувязны партызанскага атрада Р. Катоўскага брыгады імя Ф. Дзяржынскага Баранавіцкага злучэння, кіраўнік навагрудскай агентурнай сеткі спецгрупы «Буревестник». У 1943 годзе разам з бацькамі і малодшай сястрой арыштаваны СД у Лідзе, цудам вызвалены пры дапамозе мясцовых дзеячаў. У 1945–1947 гадах – адзін са стваральнікаў і намеснік дырэктара Літаратурнага музея Янкі Купалы. Пахаваны на Вайсковых могілках у Мінску.