Экскурсія ва ўстанове «Дзяржаўны архіў Магілёўскай вобласці»

У рамках акцыі «Архівы-школе» навучэнцы ўстановы адукацыі «Магілёўская дзяржаўная санаторная школа-інтэрнат для дзяцей, хворых на скаліёз» наведалі ўстанову «Дзяржаўны архіў Магілёўскай вобласці».

У чытальнай зале загадчык аддзела навуковага выкарыстання дакументаў і інфармацыі Вольга Троцкая і архівіст 1 кваліфікацыйнай катэгорыі Аляксей Швыроў пазнаёмілі навучэнцаў з гісторыяй архіўнай справы Магілёўшчыны, асаблівасцямі працы архівістаў. Для навучэнцаў былі прадстаўлены дакументы, прысвечаныя гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, у тым ліку і матэрыялы абласной камісіі садзейнічання ў рабоце надзвычайнай дзяржаўнай камісіі па расследаванні і ўстанаўленні злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў і іх саўдзельнікаў. Прыведзеныя звесткі дазваляюць ацаніць маштабы разбуральных наступстваў ваенных дзеянняў і нацысцкага акупацыйнага рэжыму.

Потым экскурсія працягнулася ў лабараторыі па аблічбоўцы дакументаў, дзе навучэнцам быў наглядна прадэманстраваны працэс лічбавай апрацоўкі дакументаў і ўмовы захоўвання дакументаў у архівасховішчах.