Прэзентацыя альманаха «Аўтограф» ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва

23 лістапада 2023 года ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва быў прэзентаваны 4-ы выпуск альманаха «Аўтограф» – друкаванага органа установы, – у які ўвайшлі матэрыялы ХХІІ Узвышаўскіх і ХХ Архіўных чытанняў. Сімвалічны і час выхаду ў свет альманаха, калі культурная грамадскасць адзначае 100-годдзе першага літаратурнага аб’яднання «Маладняк». Падзяліць радасць архівістаў прыйшлі калегі і ўсе зацікаўленыя: навукоўцы, музеязнаўцы, выкладчыкі.

Дырэктар архіва-музея А.А.Макаранка прадставіла прысутным альманах «Аўтограф» і запрасіла да выступлення аўтарытэтных выступоўцаў: Заслужанага архівіста Беларусі, аўтара ідэі і арганізатара правядзення Узвышаўскіх і Архіўных чытанняў – Г.В.Запартыка; прафесара кафедры крыніцазнаўства гістарычнага факультэта БДУ, шматгадовага ўдзельніка архіўных канферэнцый – М.Ф.Шумейку; дацэнта БДУКіМ, сталага даследчыка фондаў БДАМЛМ – А.Я.Паўлаву. Выступоўцы падкрэслілі грунтоўнасць работы па падрыхтоўцы і выданні зборніка, праведзенай архівістамі БДАМЛМ, а таксама звярнулі ўвагу на тэматычную разнапланавасць прадстаўленых публікацый і ўвядзенне ў навуковы зварот новых тэм, распрацаваных даследчыкамі на падставе архіўных дакументаў.

4 выпуск альманаха «Аўтограф» будзе прадстаўлены на сайце БДАМЛМ.