Аб адкрыцці сумеснай выставы «Гомельскі полк народнага апалчэння: гісторыя, подзвіг, памяць»

21 лістапада 2023 года ў рамках мерапрыемстваў, прысвечаных Году міру і стварэння ў Гомельскай абласной універсальнай бібліятэцы ім.У.I.Леніна адбылося адкрыццё сумеснай выставы «Гомельскі полк народнага апалчэння: гісторыя, подзвіг, памяць».

Праект прымеркаваны да 80-годдзя вызвалення Гомеля ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і распавядае пра гісторыю стварэння, дзейнасці, арганізатараў і ўдзельнікаў Гомельскага палка народнага апалчэння ў першыя месяцы Вялікай Айчыннай вайны.

У аснову выставачнага праекта ляглі сапраўдныя дакументы і матэрыялы, якія захоўваюцца ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўным архіве грамадскіх аб’яднанняў Гомельскай вобласці, і дакументальныя крыніцы з фондаў Гомельскай абласной універсальнай бібліятэкі ім.У.І.Леніна.

Дакументы Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь прадстаўлены загадамі камандзіра палка, пратаколамі, планамі палітмасавай работы, рапартамі аб выкананні заданняў, палітданясеннямі, звесткамі аб баявым і лікавым складзе палка, баявой і палітычнай падрыхтоўцы, дыслакацыі пастоў па ахове аб’ектаў Гомеля, схемамі меркаванай абароны, спісамі асабовага складу батальёнаў і інш.

Матэрыялы дзяржаўнага архіва грамадскіх аб’яднанняў Гомельскай вобласці знаёмяць з пратаколамі бюро Гомельскага абкама, гаркама партыі, асабістымі справамі, успамінамі і фотаздымкамі арганізатараў і ўдзельнікаў Гомельскага палка народнага апалчэння.

У якасці запрошаных гасцей на выставе прысутнічаў дырэктар дзяржаўнага архіва грамадскіх аб’яднанняў Гродзенскай вобласці Горбач Людміла Мікалаеўна, якая падала асабістую справу Прытыцкага Сяргея Восіпавіча, які разам з Гомельскім абкамам і гаркамам партыі ўдзельнічаў у арганізацыі Гомельскага палка народнага апалчэння.

Пры фінансавай падтрымцы абласнога аддзялення Беларускага рэспубліканскага саюза юрыстаў і прадпрыемства «Спартак» да адкрыцця выставачнага праекта выдавецкім домам «Гомельскай праўды» быў выпушчаны каталог выставы, які распавядае пра подзвігі і лёсы апалчэнцаў.