Занальны дзяржаўны архіў у г.Навагрудку адзначыў 60-гадовы юбілей

10 лістапада 2023 г. работнікі Занальнага дзяржаўнага архіва ў г.Навагрудку адзначылі 60-гадовы юбілей архіўнай установы, гісторыя якой пачыналася ў 1963 годзе, калі на падставе пастановы Савета Міністраў Беларускай ССР «Аб мерах па ўдасканаленні архіўнай работы ў Беларускай ССР» на базе ліквідаваных Навагрудскага і Слонімскага раённых архіваў быў створаны філіял дзяржаўнага архіва Гродзенскай вобласці ў г.Навагрудку.

У святочны дзень у фае архіва сабраліся ветэраны архіўнай галіны Навагрудчыны, цяперашнія архівісты і работнікі, госці. З прывітальным словам да прысутных звярнулася дырэктар Ала Сцяпанаўна Забелінская, якая ўзгадала важныя старонкі гісторыі станаўлення архіўнай установы, расказала пра сучасны этап развіцця дзяржархіва, дасягненні і пачынанні новага пакалення архівістаў. Ва ўрачыстай абстаноўцы адбылося адкрыццё Дошкі гонару і Кнігі славы, архівістам уручаны ўзнагароды.

Цікавасць у прысутных выклікала падрыхтаваная да юбілейнай даты фотавыстава, якая прадстаўляе дзейнасць архіва ў розныя перыяды яго існавання.

У гэты дзень усе ветэраны атрымалі памятныя падарункі.