Віншаванне дырэктара Дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь А.Л.Воінава з 60-годдзем з дня стварэння сістэмы занальных дзяржаўных архіваў

 

11 лістапада 2023 г.у нашай краіне спаўняецца 60 гадоў з дня стварэння сістэмы занальных дзяржаўных архіваў.

Якія адбыліся ў далёкім 1963 г.змены ўяўлялі сабой цэлы комплекс сур’ёзных пераўтварэнняў у айчыннай архіўнай галіне.

Згодна з пастановай Савета Міністраў БССР ад 11 лістапада 1963 г.«Аб мерах па паляпшэнні архіўнай справы ў БССР» гарадскія і раённыя дзяржаўныя архівы скасоўваліся. На іх базе ў гарадах Баранавічы, Бабруйск, Барысаў, Глыбокае, Жлобін, Кобрын, Крычаў, Ліда, Мазыр, Навагрудак, Орша, Рэчыца, Полацк і Слуцк ствараліся філіялы дзяржаўных архіваў абласцей. Дадаткова ўказанай пастановай прадпісвалася ўзбуйніць дзяржаўныя архівы абласцей і іх філіялы ў гарадах Маладзечна і Пінску за кошт раённых дзяржаўных архіваў.

Пазней у адпаведнасці з Палажэннем аб дзяржаўных архівах абласцей Беларускай ССР і іх філіялах, зацверджаным начальнікам Архіўнага ўпраўлення пры Савеце Міністраў БССР 12 студзеня 1965 г., быў вызначаны статус наваствораных архіваў і іх склад. Яны былі аднесены да ліку навукова-даследчых устаноў, якія знаходзіліся ў непасрэдным вядзенні архіўных аддзелаў выканаўчых камітэтаў абласных Саветаў дэпутатаў працоўных.

Статус непасрэдна занальных дзяржаўных архіваў філіялы дзяржаўных архіваў у абласцях атрымалі ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 20 верасня 1996 г.№373 «Аб зацвярджэнні Палажэння аб Нацыянальным архіўным фондзе Рэспублікі Беларусь, а таксама сеткі дзяржаўных архіўных устаноў».

Сетка занальных дзяржаўных архіваў афіцыйна замацавана пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 20 сакавіка 2012 г.№243 «Аб зацвярджэнні сістэмы дзяржаўных архіўных устаноў Рэспублікі Беларусь».

Стварэнне сеткі дзяржаўных архіваў, якія маюць свае канкрэтныя зоны абслугоўвання, дазволіла вырашыць адну з найважнейшых задач у галіне архіўнай справы: па магчымасці максімальна сканцэнтраваць у адзіным пункце групу дакументаў, звязаных па тэрытарыяльнай прыкмеце.

Цяперашняя юбілейная дата з’яўляецца памятнай і для шасці абласных архіваў, бо ў адносінах да перыяду пасля 1945 г.яны таксама выконваюць функцыі занальных архіваў.

На сённяшні дзень у занальных дзяржаўных архівах Рэспублікі Беларусь на захоўванні знаходзіцца 3 446 122 архіўныя справы, што складае каля 30% ад іх агульнай колькасці ў дзяржаўных архівах.

Штогод занальныя дзяржаўныя архівы выконваюць каля 20 тысяч запытаў, арганізуюць звыш 30 традыцыйных і больш за 40 віртуальных выставак, прымаюць у чытальных залах каля 700 карыстальнікаў,

У гэты дзень хачу шчыра павіншаваць кіраўніцтва, усіх працаўнікоў занальных дзяржаўных архіваў, а таксама іх калегаў з абласных дзяржаўных архіваў з 60-гадовым юбілеем са стварэннем сістэмы рэгіянальных архіўных устаноў.

Жадаю ўсім архівістам моцнага здароўя, поспехаў у прафесійнай дзейнасці.

Асобная падзяка і віншаванне ветэранам, якія стаялі ля вытокаў стварэння занальных дзяржаўных архіваў і заклалі асновы архіўнай спадчыны рэгіёнаў.

Няхай у вашым жыцці, у жыцці вашых родных, блізкіх і сяброў заўсёды жывуць мір, дабро і росквіт.
 
 

Дырэктар Дэпартамента па архівах і справаводству
Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь
Алег Воінаў

11.11.2023