Дзяржаўны архіў Мінскай вобласці наведалі навучэнцы СШ №108 г.Мінска і СШ №1 в.Копішча

1 лістапада 2023 года ў Дзяржаўным архіве Мінскай вобласці ў рамках акцыі «Архівы – школе» і пілотнага праекта «Юны архівіст» была праведзена аглядная экскурсія для навучэнцаў сярэдняй школы №108 г.Мінска і сярэдняй школы №1 в.Копішча.

У час правядзення агляднай экскурсіі юнакі і дзяўчаты азнаёміліся з гісторыяй стварэння абласнога архіва, асноўнымі напрамкамі дзейнасці ўстановы, даведаліся аб рабоце аддзелаў архіва ў цяперашні час. Таксама навучэнцам былі прадэманстраваны цікавыя і ўнікальныя дакументы з фондаў дзяржархіва.

Госці наведалі архівасховішча, дзе ўбачылі, як размяшчаюцца дакументы, і даведаліся патрабаванні да ўмоў захоўвання, якія забяспечваюць захаванасць дакументальнай спадчыны нашай краіны.

У рамках экскурсіі навучэнцы азнаёміліся з працэсам аблічбоўвання і рэстаўрацыі дакументаў.

Акрамя гэтага супрацоўнікі расказалі старшакласнікам аб тым, у якой вышэйшай навучальнай установе рыхтуюць спецыялістаў для працы ў архівах.