Аб арганізацыі ўстановай «Занальны дзяржаўны архіў у г.Оршы» выставы «З фондаў архіва аб камсамоле Аршаншчыны»

27 кастрычніка 2023 г. установай «Занальны дзяржаўны архіў у г. Оршы» падрыхтавана выстава «З фондаў архіва аб камсамоле Аршаншчыны», прысвечаная 105-годдзю Усесаюзнага Ленінскага Камуністычнага Саюза Моладзі (УЛКСМ).

Аршанская гарадская камсамольская арганізацыя – адна з найстарэйшых на Віцебшчыне. У пачатку кастрычніка 1918 года была створана першая ячэйка з ліку рэвалюцыйнай моладзі навучэнцаў рэальнага вучылішча. На чыгуначным вузле перадавая моладзь стварыла сваю арганізацыю – Саюз юных камуністаў. У лістападзе 1918 года ўтвораны Аршанскі павятовы камітэт камсамола.

Камсамольцы і моладзь Аршаншчыны ўнеслі свой уклад ва ўзвядзенне першынца беларускай энергетыкі – БелДРЭС, чыгуначнай веткі Орша-Лепель, ільнокамбіната і мясакамбіната. Прымалі актыўны ўдзел у будаўніцтве дарог Орша-Смальяны, Орша-Александрыя-Копысь, Орша-Якаўлевічы-Коханава і інш.

На экспазіцыі прадстаўлены дакументы з фондаў Дзяржархіва ў г.Оршы: рашэнні Аршанскага гарвыканкама аб пераможцах у сацыялістычных спаборніцтвах сярод камсамольска-маладзёжных калектываў г. Оршы, камсамольскія і членскія білеты, уліковыя карткі членаў КПСС, ганаровыя граматы, падзячныя пісьмы, даклады, тэксты урачыстых збораў, артыкулы з газет, фатаграфіі Барташэвіча А.А., Леошкі Б.А., Міласэрнага А.К., Навагонскага Э.Э., Піталенкі І.В., Хачатурава М.Х. і інш.

Выстаўка адрасавана шырокаму колу асоб: школьнікам, студэнтам, краязнаўцам, педагогам і ўсім, хто цікавіцца гісторыяй і культурай рэгіёна.