КАГОЦЬКА А.І. – ВЫВУЧАЮЧЫ ГІСТОРЫЮ…

У чытальнай зале нашай установы «Занальны дзяржаўны архіў у г. Бабруйску» ёсць пастаянны наведвальнік. Мне як дырэктару ўстановы стала цікава, якой даследчай працай ён займаецца. Аб гэтым мы з ім і пагаварылі.

У размове высветлілася, што Аляксандр Іванавіч Кагоцька нарадзіўся 14 сакавіка 1964 г. у в. Сухлова, Асіповіцкага раёна, Магілёўскай вобласці.

Аляксандр Іванавіч беларускі шашыст і шашачны кампазітар, трэнер па мотаболе, суддзя па мотаболе і шашачнай кампазіцыі, спартыўны журналіст. Прэс-сакратар зборнай Беларусі па мотаболе з 2002. Віцэ-чэмпіён свету па шашачнай кампазіцыі ў раздзеле праблемы-64. Чэмпіён Беларусі па шашачнай кампазіцыі ў раздзеле мініяцюры-64 (2003, 2011). Чэмпіён Беларусі па рашэнні шашачнай кампазіцыі. Трэнер бронзавага прызёра чэмпіянату Беларусі па мотаболе каманды «Аўтамабіліст» (Пінск) (2011).

Міжнародны гросмайстар FMJD па шашачнай кампазіцыі (2017). Майстар спорту Беларусі па шашачнай кампазіцыі (2004), кандыдат у майстры спорту па гульні (1993). Міжнародны суддзя FMJD па шашачнай кампазіцыі. Суддзя вышэйшай нацыянальнай катэгорыі па мотаболе (2015).

Аляксандр Іванавіч займаецца зборам і сістэматызацыяй інфармацыі па шашачнай кампазіцыі, па футболе і хакеі. З’яўляецца аўтарам шэрагу кніг. Мяне зацікавілі тыя кнігі, якія датычыліся горада Бабруйска. Пару з іх мне ўдалося паглядзець «Бабруйскі футбол у БССР» і пра гісторыю Бабруйскага хакея «Мы былі першымі». Вельмі было прыемна знайсці ў іх публікацыі з газет, «Савецкая Радзіма», якія знаходзяцца на захоўванні ў архіве.

Праца Аляксандра Іванавіча па вывучэнні дакументаў архіва працягваецца, спадзяемся ў найбліжэйшай будучыні ў новым выданні мы зможам азнаёміцца з новымі фактамі развіцця спорту на Бабруйшчыне.