Аб прысваенні Магілёўскаму СПТВ № 1 імя К.П.Арлоўскага

Кірыл Пракопавіч Арлоўскі (1895-1968) праславіўся як адважны салдат, разведчык камандзір партызанскага атрада і старшыня калгаса “Рассвет” Кіраўскага раёна Магілёўскай вобласці. Заслугі К.П.Арлоўскага былі высока адзначаны ўрадам СССР, у тым ліку вышэйшай ступенню адрознення – Герой Савецкага Саюза (1943) і Герой Сацыялістычнай Працы (1958).

Памятаюць пра Кірыла Пракопавіча і на Магілёўшчыне. Неўзабаве пасля яго смерці, 22 красавіка 1975 года выканкам Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных прыняў рашэнне хадайнічаць перад Саветам Міністраў БССР «Аб прысваенні імя Героя Савецкага Саюза і Героя Сацыялістычнай Працы К.П.Арлоўскага Магілёўскаму ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга сельскай прафесійна-тэхнічнай вучэльні № 1».

Варта толькі дадаць, што Савет Міністраў БССР задаволіў дадзенае хадайніцтва сваёй пастановай ад 14 траўня 1975 г. № 162.

 

Установа «Дзяржаўны архіў Магілёўскай вобласці», ф.7, воп.5, с.2436, л.135