Падпісанне пагаднення аб супрацоўніцтве ўстановы «Дзяржаўны архіў Гомельскай вобласці» і ДУА «Сярэдняя школа №75 г.Гомеля»

16 жніўня 2023 г. ва ўрачыстай абстаноўцы ў рамках рэалізацыі рэспубліканскага пілотнага праекта «Юны архівіст» было падпісана Пагадненне аб супрацоўніцтве паміж установай «Дзяржаўны архіў Гомельскай вобласці» і дзяржаўнай установай адукацыі «Сярэдняя школа №75 г.Гомеля».

Ва ўрачыстым мерапрыемстве, якое праходзіла на базе навучальнай установы, прынялі ўдзел дырэктар архіва Сушчэвіч А.М., намеснік дырэктара архіва Міцкевіч А.П., супрацоўнікі архіва, дырэктар школы Чарненка М.В., намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Пінчук А.У., настаўнікі, навучэнцы школы.

Перад прысутнымі выступіў дырэктар архіва Сушчэвіч А.М., які расказаў аб мэтах і задачах пілотнага праекта «Юны архівіст», аб перспектывах даследчай працы ў архіве для дзяцей і настаўнікаў і ўпэўненасці ў значных выніках ад сумеснай працы ў будучыні.

Андрэй Мікалаевіч падзякаваў дырэктару школы Марыне Уладзіміраўне, настаўнікам і навучэнцам, выказаўшы ўпэўненасць у паспяховым супрацоўніцтве і перадаў школе ў дар кніжную прадукцыю, падрыхтаваную на падставе архіўных дакументаў.

Дырэктары абмяняліся падпісанымі пагадненнямі і планам работы на 2023 – 2024 навучальны год.

Далей калектыў ДУА «Сярэдняя школа №75 г.Гомеля» запрасіў супрацоўнікаў архіва прыняць удзел у агульнашкольнай акцыі «Голуб міру», прымеркаванай да Года міру і стварэння. Дырэктар архіва Сушчэвіч А.М., намеснік дырэктара Міцкевіч А.П., заг. аддзелам Аляксандравіч З.А. на школьным двары на «Дрэва жыцця» змясцілі «галубоў міру», загадаўшы жаданнi, якія, як запэўніваюць працоўнікі школы, заўсёды спраўджваюцца.

Таксама дырэктар школы Чарненка М.В. правяла экскурсію па стацыянарных выставах школы і расказала аб далейшых планах у гэтым напрамку, у тым ліку з удзелам архіва.

Падводзячы вынікі, можна з упэўненасцю сказаць, што падпісанае пагадненне будзе садзейнічаць шматузроўневаму падыходу да вывучэння гісторыі, усведамлення навучэнцамі сваёй сацыяльнай ідэнтычнасці, як грамадзян сваёй краіны, выхаванню пачуцця патрыятызму і павагі да гістарычнай спадчыны.