Цэнтральная лабараторыя працягвае работу з падшэфнай установай адукацыі

У рамках мерапрыемстваў рэспубліканскай акцыі «Архівы-школе», якія праводзяцца згодна з рэспубліканскім планам мерапрыемстваў па правядзенні ў 2023 годзе Года міру і стварэння, дзяржаўная ўстанова «Цэнтральная лабараторыя забеспячэння захаванасці дакументаў Нацыянальнага архіўнага фонду Рэспублікі Беларусь» плённа супрацоўнічае з калектывам установы адукацыі «Мінскі дзяржаўны каледж паліграфіі імя У.З.Харужай». Гэта выклікана тым, што прафесіі архівіст-рэстаўратар не рыхтуе ні адна навучальная ўстанова, а блізкай сферай дзейнасці, сумежнай з рэстаўрацыяй архіўных дакументаў на папяровай аснове, з’яўляецца паліграфія, дзе спецыялісты працуюць з паперай, выконваюць пераплётныя работы, ажыццяўляюць камп’ютарную апрацоўку графічных файлаў.

7 чэрвеня 2023 года дырэктарам лабараторыі У.Л.Клюйко і дырэктарам каледжа А.С.Сіманенка было падпісана Пагадненне аб супрацоўніцтве ў частцы падрыхтоўкі кадраў, дзе было прадугледжана правядзенне розных мерапрыемстваў прафарыентацыйнага характару.

У развіццё гэтага, 14 жніўня 2023 года лабараторыю з азнаямленчай экскурсіяй наведаў валанцёрскі атрад першаснай арганізацыі БРСМ каледжа.

Студэнты і маладыя педагогі з непадробнай цікавасцю азнаёміліся з усімі этапамі тэхналагічнага працэсу мікрабіялагічных даследаванняў, дэзінфекцыі, рэстаўрацыі, пераплёту, мікрафільмавання і аблічбоўвання архіўных дакументаў, пагутарылі з членамі БРСМ лабараторыі.