6 ліпеня 2023 г. у Галерэі мастацтваў Міхаіла Савіцкага адбылося адкрыццё фотавыставы пад адкрытым небам «Памяць пра Нямігу»
Выстаўка падрыхтавана ў рамках сумеснага праекта Музея гісторыі горада Мінска, Беларускага дзяржаўнага архіва навукова-тэхнічнай дакументацыі і Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў.
На адкрыцці фотавыставы з прывітальным словам выступіла загадчыца аддзела інфармацыі і выкарыстання дакументаў Беларускага дзяржаўнага архіва навукова-тэхнічнай дакументацыі – Масейчук Л.І. Людміла Іванаўна падзякавала арганізатарам за дадзеную магчымасць папулярызацыі архіўных дакументаў і адзначыла, што на выставу архівам прадстаўлены не толькі фатаграфіі, але і фатакопіі архітэктурных праектаў, планаў архітэктара С. С. Мусінскага.
Экспазіцыя выстаўкі ў фатаграфіях, праектах і дакументах расказвае пра гісторыю Нямігі – адну са старэйшых вуліц горада. Наведвальнікі выстаўкі змогуць азнаёміцца з рэдкімі фатаграфіямі 1900–1970-х гадоў, на якіх адлюстравана Няміга з яе малапавярховай забудовай у стылі барока і класіцызму, драўлянымі мастамі, з насцілам над высахлай ракой, якая працякала праз цэнтр вуліцы. На фатаграфіях 1950-х і 1970-х гг. адлюстраваны апошнія дзесяцігоддзі жыцця старой вуліцы.
Выстаўка прадстаўлена для наведвальнікаў у двары Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага (пл. Свабоды, 15) да 1 кастрычніка 2023 г.
Уваход вольны.