Адкрыццё сумеснай выставы Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва «Па-за прасторай»
29 чэрвеня 2023 года работнікі Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва бралі ўдзел у адкрыцці сумеснай (з Аб’яднаным мемарыяльным запаведнікам Ю.А. Гагарына (Расійская Федэрацыя), Гісторыка-культурным музеем-запаведнікам «Заслаўе», Нацыянальным мастацкім музеем Рэспублікі Беларусь, Нацыянальным цэнтрам сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь і Слуцкім краязнаўчым музеем) выставы «Па-за прасторай», прысвечанай космасу і прызначанай да Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, пазнаёміліся з мастацкімі творамі суайчыннікаў – Язэпа Драздовіча, Аляксандра Кішчанкі, Георгія Скрыпнічэнкі і сучасных творцаў, а таксама – расійскіх мастакоў Уладзіміра Ельчанінава і Клаўдзіі Тутэволь.
Як ніколі блізка адчуўся верш Максіма Багдановіча:
«Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы
У ціхую сінюю ноч
I сказаць:
«Бачыце гэтыя буйныя зоркі,
Ясныя зоркі Геркулеса?
Да іх ляціць нашае сонца,
I нясецца за сонцам зямля.
Хто мы такія?
Толькі падарожныя, – папутнікі сярод нябёс.
Нашто ж на зямлі
Сваркі і звадкі, боль і горыч,
Калі ўсе мы разам ляцім
Да зор?»