Мерапрыемства Рэчыцкага дзяржархіва да Дня ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа

22 чэрвеня ў рамках акцыі «Архівы – школе» ўстанова «Занальны дзяржаўны архіў у г. Рэчыцы» правяла лекцыю па тэме «Мы гэтай памяці верныя» ва УА «Рэчыцкі дзяржаўны аграрны каледж».

На аснове дакументаў фондаў Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі СССР (Ф. 864), Рэчыцкіх гарвыканкама (Ф. 342) і райвыканкама (Ф. 348) архівісты расказалі аб акупацыйным перыядзе 1941-1943 гг. у Рэчыцы і Рэчыцкім раёне.

Пры азнакамленні з некаторымі з гэтых дакументаў, сярод якіх былі пратаколы допытаў сведкаў і фатаграфіі наступстваў фашызму, моладзь каледжа ўзнавала страшэнную праўду аб бесчалавечнасці і злачынствах гітлераўцаў і іх саўдзельнікаў у адносінах да мірнага насельніцтва і народнай гаспадаркі на беларускай зямлі.

Апрач таго, навучэнцы былі праінфарміраваны аб існаванні электроннай базы данных «Беларускія вёскі, спаленыя ў гады Вялікай Айчыннай вайны», размешчанай на сайте Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь.