Аб мерапрыемствах Нацыянальнага архіва да Міжнароднага дня архіваў
Міжнародны дзень архіваў штогод адзначаецца 9-га чэрвеня. Ён быў заснаваны Міжнародным саветам архіваў (МСА) у лістападзе 2007 года на Генеральнай асамблеі ў Квебеку (Канада).
Дата для свята была абрана не выпадкова – менавіта ў гэты дзень у 1948 годзе рашэннем ЮНЕСКА і пад яе эгідай быў заснаваны МСА. Дата ўтварэння гэтай арганізацыі і была вызначана як Міжнародны дзень архіваў, а першае гэта свята, якое прайшло ў 2008 годзе, стала адначасова і 60-й гадавінай з дня заснавання МСА.
Міжнародны савет архіваў – прафесійная арганізацыя сусветнай архіўнай супольнасці, якая спрыяе захаванню, развіццю і выкарыстанню сусветнай архіўнай спадчыны. Яна з’яўляецца нейтральнай няўрадавай арганізацыяй, якая фінансуецца яе членамі з многіх архіваў па ўсім свеце. На сённяшні дзень у МСА каля 1,5 тысяч сяброў з больш за 190 краін.
9 чэрвеня 2023 года Дзяржаўная ўстанова «Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь» у рамках мерапрыемстваў, прысвечаных Міжнароднаму дню архіваў, праводзіць дзень адчыненых дзвярэй.
У гэты дзень будуць арганізаваны дзве экскурсіі па архіве ў 11.00 і 14.00 з наведваннем архівасховішча і чытальнай залы. Наведвальнікі змогуць азнаёміцца з дзейнасцю архіва, атрымаць кансультацыі па пытаннях архіўнай справы і справаводства, навукова-даведкаваму апарату архіва, правілах работы з дакументамі ў чытальнай зале, а таксама па забеспячэнні іх захаванасці. У час экскурсіі будуць прадстаўлены сапраўдныя дакументы па гісторыі Беларусі, зборнікі архіўных дакументаў, падрыхтаваныя і выдадзеныя пры непасрэдным удзеле Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь.
Усе пытанні па арганізацыі наведвання архіва, а таксама папярэдні запіс на экскурсію па тэл. 272 29 52 – заг. аддзелам выкарыстання дакументаў і інфармацыі Старасценка Маргарыта Анатольеўна.
Таксама 9 чэрвеня будзе арганізаваны майстар-клас для работнікаў архіўных устаноў па ўліку і афармленні музейных прадметаў у фондах асабістага паходжання. Папярэдні запіс на майстар-клас па тэл. 322 49 27 – заг. аддзелам фондаў асабістага паходжання Дарагуш Інэса Уладзіміраўна.