Экскурсія ў Вялікі тэатр

12 жніўня 2026 года работнікі Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва наведалі з экскурсіяй Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь.

Гэта сустрэча мае асаблівае сімвалічнае значэнне, паколькі менавіта ў фондах архіва-музея беражліва захоўваюцца ўнікальныя дакументальныя матэрыялы тэатра, эскізы дэкарацый, касцюмаў і асабістыя фонды выдатных дзеячаў, якія стваралі гісторыю і славу галоўнай опернай і балетнай сцэны краіны.

Падчас экскурсіі работнікі БДАМЛМ прайшлі па парадных фае, зазірнулі ў глядзельную залу і ложы, выйшлі на сцэну без дэкарацый, спусціліся да аркестравай ямы, паглыбіліся ў падсцэнічныя трумы, каб на свае вочы ўбачыць складаныя інжынерныя канструкцыі. Балетны клас і малая рэпетыцыйная сцэна ўразілі архівістаў сваім сучасным абсталяваннем і прадуманымі канструктыўнымі збудаваннямі, якія ў дакладнасці адпавядаюць галоўнай сцэне і дазваляюць аптымальна падрыхтаваць спектакль да паказу перад глядзельнай залай. Важным момантам было наведванне архіва опернага тэатра, дзе калегі спецыяльна падрыхтавалі выставу з унікальных дакументаў і музейных прадметаў, якія з часам будуць перададзены на пастаяннае захоўванне ў БДАМЛМ.

Экскурсія, праведзеная па закуліссі тэатра спецыялістам арганізацыйна-творчага кіравання Яўгеніяй Алегаўнай Отчык, а таксама інфармацыйнае суправаджэнне архіўнай выставы, арганізаванае спецыялістам аддзела дакументацыйнага забеспячэння Наталляй Уладзіміраўнай Алейнікавай, падарылі архівістам не толькі яркія эмоцыі, але і каштоўны прафесійны вопыт, магчымасць пазнаёміцца з «унутранай кухняй» тэатральнага творчага працэсу.

Калектыў БДАМЛМ выказвае шчырую падзяку кіраўніцтву і спецыялістам тэатра за цёплы прыём. Такія візіты ўмацоўваюць сувязі арганізацый культуры і архіваў, натхняюць на стварэнне новых даследчых і выставачных праектаў.

 

1. Работнікі БДАМЛМ наведалі з экскурсіяй Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь
2. Экскурсія пачалася ў парадным фае Вялікага тэатра
3. Падчас азнаямленчай экскурсіі па закуліссі тэатра
4. Падчас наведвання балетнага класа
5. Работнікі БДАМЛМ з Я.А.Отчык у малой рэпетыцыйнай зале