25 мая – дзень у гісторыі Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь

25 мая 1992 г. Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь прыняў пастанову №308, якая закранала розныя пытанні дзейнасці Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь.

Патрэба ў прыняцці пастановы Савета Міністраў была звязана з ускладаннем на Міністэрства дадатковых функцый па абароне правоў і законных інтарэсаў прадпрыемстваў, устаноў, арганізацый і грамадзян, прававому забеспячэнню знешніх сувязей і ў выніку ўзросшай ролі Міністэрства ў законатворчай дзейнасці. Пастановай была зацверджана новая структура цэнтральнага апарата Міністэрства – 7 упраўленняў і 2 адасобленых аддзела. Колькасць работнікаў цэнтральнага апарата Міністэрства была даведзена да 96 чалавек (без уліку персаналу па абслугоўванні будынка), намеснікаў Міністра – да трох, у тым ліку аднаго першага намесніка, склад калегіі Міністэрства – да дзевяці чалавек. Гэтай жа пастановай Міністэрству юстыцыі даручалася стварыць у 1992–1995 гг. Рэспубліканскі цэнтр прававой інфармацыі (зараз – Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь) і ўнесці на зацвярджэнне Савета Міністраў праект Палажэння аб Міністэрстве.

Работнікі аддзела інфармацыйна-пошукавых сістэм ДУ «Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь» выявілі арыгінал дакумента ў працэсе тэматычнай распрацоўкі пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, якія захоўваюцца ў архіве. На пастанову складзена электронная каталожная картка, якая папоўніла сістэматычны каталог і даступна ўсім карыстальнікам чытальнай залы архіва.

 

1. НАРБ. Ф.7. Воп.12. Спр.5. Арк.118.
2. НАРБ. Ф.7. Воп.12. Спр.5. Арк.119.
3. НАРБ. Ф.7. Воп.12. Спр.5. Арк.120.