Аб правядзенні экскурсій у Дзяржаўным архіве ў г.Глыбокае
22 красавіка 2023 года ў рамках правядзення акцыі «Архівы – школе» і мерапрыемстваў, прысвечаных Году міру і стварэння, Дзяржархіў у г.Глыбокае наведалі навучэнцы дзяржаўнай установы адукацыі «Глыбоцкая раённая гімназія». Усяго ў гэты дзень ва ўстанове пабывала каля 100 чалавек. Для дзяцей праведзены аглядныя экскурсіі па архіве, падчас якіх яны даведаліся аб гісторыі ўзнікнення ўстановы, асноўных напрамках дзейнасці, складзе фондаў, умовах захоўвання дакументаў. У ходзе экскурсій праведзены майстар-клас па падшыўцы дакументаў і падрыхтоўцы спраў для прыёму на пастаяннае захоўванне, які паказала архівіст аддзела выкарыстання і публікацыі дакументаў А.І.Шлыкава.
Пасля экскурсій для вучняў праведзены ўрокі на тэму «Генацыд беларускага народа ў час Вялікай Айчыннай вайны на Глыбоччыне». Загадчык аддзела выкарыстання і публікацыі дакументаў Т.М.Аўласава расказала пра архіўныя дакументы, якія сведчаць аб зверствах нямецка-фашысцкіх захопнікаў на акупаванай тэрыторыі Глыбоцкага раёна.