Грамадская праца – на карысць

Красавік – час навядзення чысціні і парадку пасля зімы, а суботнікі – добрая традыцыя ў нашай краіне. 22 красавіка ў Год міру і стварэння, калектыў дзяржаўнай установы «Цэнтральная лабараторыя забеспячэння захаванасці дакументаў Нацыянальнага архіўнага фонду Рэспублікі Беларусь» пачаў сонечную суботнюю раніцу з добраўпарадкавання дваровай і прылеглай да будынка тэрыторый.

Хоць парадак у будынку і на тэрыторыі лабараторыі падтрымліваецца цэлы год, але і ў суботнік было чым заняцца. Дружнай кампаніяй на чале з дырэктарам Клюйко У.Л. прыведзены ва ўзорны стан газоны, прыбраны рэшткі леташняй лістоты, акультураны клумбы з першацветамі, абноўлена агароджа будынка, высаджаны дэкаратыўныя хмызнякі, наведзены парадак на працоўных месцах і ў падсобных памяшканнях.

Дух суботніка збліжае любы калектыў. Прыемна ўсведамляць сваю датычнасць да прыгажосці нашай сталіцы і месца, дзе працуеш.

Суботнік прайшоў у атмасферы добрага настрою і завяршыўся чаяваннем, арганізаваным прафкамам.