«Архівы – школе»: экскурсія для студэнтаў установы адукацыі «Магілёўскі дзяржаўны каледж мастацтваў»

У рамках акцыі «Архівы – школе» працягваецца супрацоўніцтва ўстановы «Дзяржаўны архіў Магілёўскай вобласці» і ўстановы адукацыі «Магілёўскі дзяржаўны каледж мастацтваў». На гэты раз архіў з азнаямленчай экскурсіяй наведалі студэнты па спецыяльнасці «Акцёрскае мастацтва».

У чытальнай зале навучэнцы пазнаёміліся з гісторыяй архіва, спецыфікай працы архівістаў, складам архіўных фондаў. Асаблівую цікавасць у хлопчыкаў і дзяўчынак выклікалі матэрыялы з калекцыі дакументаў асабістага паходжання, у прыватнасці «Частка дзённіка партызана асобага палка «13» П.А.Лярскага». Знаёмства з такога роду дакументамі дазваляе акунуцца ў іншую гістарычную эпоху, адчуць увесь цяжар будняў ваеннага часу.

Госці таксама пабывалі ў лабараторыі па аблічбоўцы архіўных дакументаў. А затым наведалі архівасховішча, дзе ўбачылі, як захоўваюцца дакументы і забяспечваецца іх захаванасць. Падчас экскурсій студэнты змаглі задаць усе пытанні і атрымаць вычарпальныя адказы супрацоўнікаў архіва.