У пачатку красавіка 2023 года выйшаў друкаваны зборнік «Архітэктурная спадчына І. Р. Лангбарда і сучаснасць».
У яго былі ўключаны даклады ўдзельнікаў міжнароднай навуковай канферэнцыі, прысвечанай 140-годдзю з дня нараджэння І. Р. Лангбарда, вядомага беларускага савецкага архітэктара, заслужанага дзеяча мастацтваў БССР (1934), доктара архітэктуры, прафесара.
Канферэнцыя праходзіла 6 кастрычніка 2022 года ў ДНУ «Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі» (філіял «Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы»). Адным з арганізатараў канферэнцыі выступіў Беларускі дзяржаўны архіў навукова-тэхнічнай дакументацыі.
Праблемнае поле артыкулаў, якія ўвайшлі ў зборнік, ахоплівае шырокае кола пытанняў, звязаных з творчай біяграфіяй і архітэктурнай спадчынай І. Р. Лангбарда, з захаваннем і мадэрнізацыяй помнікаў архітэктуры і горадабудаўнічых ансамбляў ХХ стагоддзя, асаблівасцямі мастацка-стылявой карціны архітэктуры мінулага стагоддзя.