Аб правядзенні работнікамі ўстановы «Занальны дзяржаўны архіў у г. Оршы» ў рамках акцыі «Архівы – школе» лекцыі на тэму «Хатынь. Трагедыя і памяць», прымеркаванай да 80-годдзя Хатынскай трагедыі

У рамках акцыі «Архівы-школе» і мерапрыемстваў, прысвечаных Году міру і стварэння, з навучэнцамі 5-га класа дзяржаўнай установы адукацыі «Сярэдняя школа № 12 г.Оршы» работнікамі архіва праведзена інфармацыйная гадзіна на тэму: «Хатынь. Трагедыя і памяць», прымеркаваная да 80-годдзя Хатынскай трагедыі.

Хатынь стала сімвалам вечнай памяці і смутку, трагедыі беларускага народа падчас Вялікай Айчыннай вайны. Забойствы людзей адбываліся па ўсёй рэспубліцы – ад расстрэлаў да поўнага знішчэння населеных пунктаў. Нямецка-фашысцкія захопнікі лічылі, што масавыя пакаранні, знішчэнне гарадоў і вёсак разам з людзьмі павінны былі пасеяць страх сярод насельніцтва акупаваных тэрыторый. Падчас мерапрыемства навучэнцы азнаёміліся з архіўнымі дакументамі і фатаграфіямі, якія адлюстроўваюць палітыку нямецка-фашысцкіх захопнікаў у дачыненні да мірнага насельніцтва, даведаліся пра падзеі, што адбыліся ў в.Хатынь і лёсе яе жыхароў, а таксама пра створаны на месцы трагедыі мемарыяльны комплекс.

Акрамя таго, увазе навучэнцаў быў прадстаўлены фільм пра вёску Ола, у якой досвіткам 14 студзеня 1944 гада былі забітыя 1758 чалавек, з іх 950 дзяцей. Ахвяр было ў 12 разоў больш, чым ва ўсім вядомай Хатыні. Пра гэты населены пункт амаль нічога не пісалі ў кнігах, пра яго не здымалі дакументальных фільмаў, а відавочцаў гэтых далёкіх падзей ужо няма ў жывых…

Важна памятаць, што ад нас, якія цяпер жывуць, залежыць тое, якім будзе ўяўленне аб вайне ў будучыні – колькі ў ім будзе жыцця і праўды. Мы не маем права здрадзіць, забыць, дазволіць сказіць або прынізіць ахвярны подзвіг людзей, якія падарылі свету Вялікую Перамогу, ахвярны подзвіг, здзейснены імі ў імя будучыні, у імя нас!