Сустрэча з членамі мемарыяльных атрадаў Паста № 1 горада-героя Мінска ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь

2 сакавіка 2023 года ў рамках акцыі «Архівы-школе» ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь адбылася сустрэча з членамі мемарыяльнага атрада Паста №1, які нясе Ганаровую Вахту Памяці каля Вечнага агню на плошчы Перамогі. На гэты раз архіў наведалі навучэнцы Спецыялізаванага ліцэя Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь у колькасці 31 чалавека.

З прывітальным словам перад ліцэістамі выступіў дырэктар архіва Андрэй Канстанцінавіч Дземянюк.

У рамках сустрэчы для іх была праведзена экскурсія па архіве. Загадчык аддзела фондаў асабістага паходжання Інэса Уладзіміраўна Дарагуш распавяла пра гісторыю Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, склад і асаблівасці захоўвання дакументаў, працу архіва ў галіне публікацыйнай і выставачнай дзейнасці. Падчас экскурсіі навучэнцы азнаёміліся з фотадакументальнымі выставамі Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, прысвечанымі Году міру і стварэння: «Мы, белорусы – мирные люди…» і да 100 – годдзя з дня нараджэння Ягорава Марата Фёдаравіча – грамадскага дзеяча, старшыні Беларускага фонда міру, прэзідэнта міжнароднай гуманітарнай няўрадавай арганізацыі «Чернобыль-помощь», заслужанага дзеяча культуры БССР, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны.

Навучэнцы наведалі архівасховішча фондаў асабістага паходжання, дзе азнаёміліся з дакументамі дзяржаўных і партыйных дзеячаў, вучоных Беларусі і ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, а таксама архівасховішча фондаў партызанскіх фарміраванняў. Для навучэнцаў ліцэя супрацоўнікі архіва Дарагуш І.У., Юркевіч В.Ю. падрыхтавалі комплекс дакументаў па гісторыі станаўлення і развіцця розных структур органаў унутраных спраў нашай рэспублікі, якія выклікалі ў вучняў жывую цікавасць.